Мінск 09:48

У Гомельскай вобласці ў 2,5 раза вырасла колькасць загінулых непаўналетніх

Фота: Генпракуратура

1 жніўня, Позірк. У першым паўгоддзі ў Гомельскай вобласці назіраецца рост колькасці загінулых у выніку ўтапленняў, пажараў, няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Пра гэта заявіў 31 ліпеня на калегіі рэгіянальнай пракуратуры кіраўнік гэтага нагляднага органа Алег Аўдзей.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба пракуратуры, колькасць загінулых непаўналетніх павялічылася ў 2,5 раза і з’яўляецца “самым высокім сярод усіх рэгіёнаў краіны” (абсалютныя лічбы ён не прывёў).

Акрамя таго, негатыўная дынаміка за названы перыяд зафіксаваная па “цяжкіх злачынствах, у тым ліку ўчыненых у сферы высокіх тэхналогій”, а таксама звязаных з “прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў і “экстрэмісцкіх” злачынстваў”. На 13,2% вырасла колькасць злачынстваў, учыненых “у сферы хатняга гвалту”, адзначыў чыноўнік.

У сувязі з гэтым Аўдзей “запатрабаваў узмацніць прафілактычную працу і прыняць прадметныя меры па папярэджанні такіх крымінальна каральных дзеянняў”.

Разам з тым, як было заяўлена на калегіі, за шэсць месяцаў у рэгіёне зарэгістравана на 2% злачынстваў менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Узровень злачыннасці на 10 тыс. насельніцтва знізіўся з 32,1 да 32.

Скарацілася колькасць злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах, у стане алкагольнага ап’янення, групай асоб.

Усяго ў Беларусі ў 2025 годзе ад знешніх прычын загінула 110 дзяцей, паведаміла на прэс-канферэнцыі 17 лютага ў Мінску старшы пракурор упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Аксана Кірэйчык.

Для параўнання: у 2024 годзе ад знешніх прычын загінула 126 дзяцей. Такім чынам, за год паказчык знізіўся на 12,7%.

Гл. таксама:

У Гродзенскай вобласці ўдвая павялічылася колькасць вымагальніцтваў

У асобных раёнах Мінскай вобласці вырасла колькасць рэцыдываў і асабліва цяжкіх злачынстваў — пракуратура

Падзяліцца: