У Варшаве праходзіць футбольны турнір Кубак Мелказёрава, сярод прысутных — Ціханоўская і Латушка

1 жніўня, Позірк. У Варшаве 1 жніўня праходзіць футбольны турнір Кубак Мелказёрава, паведамляе прэс-служба дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.
Палітык, як адзначаецца, прыняла ўдзел у адкрыцці турніру.
“Разам з удзельнікамі і гасцямі турніру яна ўшанавала памяць журналіста хвілінай маўчання, а пасля сімвалічна дала старт спаборніцтвам, першай ударыўшы па мячы”, — гаворыцца ў паведамленні.
У адкрыцці турніру таксама прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка, журналіст Аляксандр Івулін, прадстаўнікі футбольнага клуба “Пагоня” (заснаваны беларусамі, выступае ў ніжэйшых дывізіёнах польскага чэмпіянату) і дыпламаты з амбасады Нідэрландаў у Польшчы.
“Перад пачаткам турніру Святлана Ціханоўская перадала свае першыя баксёрскія пальчаткі на дабрачынны розыгрыш. Менавіта ў інтэрв’ю Мікіце Мелказёраву яна ўпершыню распавяла, што займаецца боксам”, — адзначае прэс-служба дэмлідара.
“Мікіта ўмеў аб’ядноўваць людзей — і на экране, і ў жыцці, і на футбольным полі. І мне здаецца, што лепшы спосаб ушанаваць яго памяць — працягваць рабіць тое, што ён умеў лепш за ўсё: аб’ядноўваць людзей вакол Беларусі”, — сказала Ціханоўская.
Кубак Мелказёрава — штогадовы аматарскі футбольны турнір, да гэтага года называўся Кубкам Івуліна. У турніры ўдзельнічаюць пераважна беларускія эмігранты. Праводзіцца з 2022 года.
Пасля смерці Мелказёрава Аляксандр Івулін — спартыўны журналіст, блогер, былы палітвязень — прыняў рашэнне аб перайменаванні турніру.
Мікіта Мелказёраў памёр у Варшаве ў ноч на 21 снежня 2025 года ва ўзросце 37 гадоў. На наступны дзень стала вядома, што Акруговая пракуратура пачала расследаванне. У адпаведнасці з асноўнай версіяй следства смерць была негвалтоўнай, але, паводле закону, расследаванне распачата паводле артыкула КК аб ненаўмысным забойстве.
19 студзеня 2026 года пракуратура паведаміла, што зробленае ў Варшаве анатаміраванне не выявіла прыкмет, якія маглі б указваць на тое, што Мелказёраў памёр у выніку траўмы, аднак урачы знайшлі змены, якія сталі вынікам хранічнага захворвання.
Журналіст апошнія гады пражываў у польскай сталіцы. Быў стваральнікам і вядучым ютуб-праекта “Жыццё-маліна”. Таксама вёў гістарычны праект на “Ютубе” “Загляне сонца”. Супрацоўнічаў з тэлеканалам “Белсат”.
У Польшчу эміграваў пасля падзей 2020 года пад пагрозай палітычнага пераследу. У Беларусі працаваў у газеце “Усё аб футболе”, на парталах Onliner.by і “Трыбуна”.
У траўні мінулага года Міністэрства ўнутраных спраў прызнала медыяпраект “Жыццё-маліна” “экстрэмісцкім фарміраваннем”.
10 студзеня стала вядома, што Мелказёраў пасмяротна ўзнагароджаны медалём Аб’яднанага пераходнага кабінета “за плённую працу на карысць Беларусі”.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаАфіцыйны курс долара ЗША на тэрыторыі былога СССР у ліпені вырас толькі ў Беларусі і Расіі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 31 ліпеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка


