Мінск 10:46

Абвінавачаны ў вырошчванні канопляў і захоўванні больш як 25 кг марыхуаны жыхар Жлобіна паўстане перад судом

Фота: прэс-служба Генпракуратуры

6 жніўня, Позірк. Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу 35-гадовага жыхара Жлобіна (Гомельская вобласць), якога абвінавачваюць у незаконным вырошчванні канопляў, а таксама ў “захоўванні, перавозцы і збыце наркотыкаў у буйным памеры”, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Паводле інфармацыі следства, мужчына набыў у інтэрнэце насенне канопляў і вырошчваў іх на зямельным участку ў Рагачоўскім раёне (Гомельская вобласць). Пракуратура сцвярджае, што ён даглядаў пасевы, а пасля збору ўраджаю вырашыў арганізаваць збыт марыхуаны праз адміністраваную ім “ценявую інтэрнэт-краму”.

Як заяўляе наглядны орган, абвінавачаны фасаваў наркотыкі ў сябе дома, пасля чаго размяшчаў іх у схованках на тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласцей.

На пачатку красавіка 2026 года мужчыну затрымалі ў Магілёўскім раёне пры спробе зрабіць чарговую закладку. Падчас расследавання праваахоўнікі выявілі раней абсталяваныя схованкі, з якіх вынялі каля 350 грамаў наркатычнага сродку.

У месцы вырошчвання, паводле паведамлення Генпракуратуры, былі выяўленыя і канфіскаваныя “дзве забароненыя да вырошчвання расліны роду Каноплі (Cannabis), больш як 25,4 кг марыхуаны, 0,6 кг сумесі рэчыва расліннага паходжання і марыхуаны, а таксама больш за 0,35 кг гашышу”.

Паведамляецца, што дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 328 (незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка ці незаконны збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў або аналагаў, здзейсненыя ў буйным памеры) і ч. 1 арт. 329 (незаконныя пасеў і (або) вырошчванне раслін ці грыбоў, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы, з мэтай іх збыту або вырабу ці іншага атрымання наркатычных сродкаў або псіхатропных рэчываў) Крымінальнага кодэкса.

Мужчына застаецца пад вартай.

Паводле даных Вярхоўнага суда, за першыя шэсць месяцаў 2026 года за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, асуджана 1.039 чалавек, з іх 666 — за “незаконны абарот без мэты збыту” (ч. 1 арт. 328 КК), 314 — за “незаконны абарот з мэтай збыту” (ч. 2–5 арт. 328 КК).

Як паведамляў Позірк, згодна з данымі Вярхоўнага суда, у 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024 годам.

За здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% ад усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, або 92,2%, прызнаныя вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Даведка Позірку. Частка 3 артыкула 328 КК прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 6 да 15 гадоў — са штрафам або без штрафу, ч. 1 арт. 329 — у выглядзе штрафу, арышту, абмежавання волі або пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў.

Падзяліцца: