Мінск 10:38

Мінкультуры вызначыла парадак эвакуацыі культурных каштоўнасцяў падчас НС і ўзброеных канфліктаў

Палац мастацтва ў Мінску
Фота: artpalace.by

13 жніўня, Позірк. Парадак падрыхтоўкі і правядзення эвакуацыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў вызначыла Міністэрства культуры ў пастанове ад 2 ліпеня 2026 года № 83 “Аб методыцы падрыхтоўкі і правядзення эвакуацыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў“. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Эвакуацыя прадугледжваецца ў тым ліку за межамі Беларусі з зон надзвычайных сітуацый, уздзеянне якіх пагражае знішчэнню гісторыка-культурных каштоўнасцей; з зон узброенага канфлікту, размяшчэння узброеных сіл і іншых воінскіх фарміраванняў; з зон магчымага паражэння.

Эвакуацыйныя мерапрыемствы ажыццяўляюцца “на падставе планаў грамадзянскай абароны і планаў абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак”.

Мерапрыемствы арганізуюць уласнікі і карыстальнікі каштоўнасцяў на аснове планаў грамадзянскай абароны, каардынуюць працэс мясцовыя выканаўчыя органы, МНС і Міністэрства культуры.

Эвакуацыя праводзіцца строга па катэгорыях каштоўнасцяў: першымі ў бяспечныя зоны вывозяцца найбольш каштоўныя аб’екты катэгорый “0“ і “1“ (аб’екты сусветнай спадчыны і міжнароднага значэння), затым — катэгорый “2” (аб’екты нацыянальнага значэння), “3” (аб’екты рэгіянальнага значэння) і без катэгорыі. Загадзя на маёмасць складаюцца падрабязныя вопісы ў чатырох экземплярах: для ўласніка, ўнутры ўпакоўкі, для суправаджальніка і для дадатку да плана эвакуацыі.

Пры недахопе ўласных рэсурсаў (транспарту, тары, працоўнай сілы) уладальнікі загадзя заключаюць папярэднія дамовы на наданне неабходных паслуг. Уласнікі абавязаныя арганізаваць ахову каштоўнасцяў у пунктах пагрузкі, выгрузкі і па ўсім маршруце руху. Перавозка ажыццяўляецца па ўзгодненых маршрутах у суправаджэнні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. За кожнай партыяй грузу замацоўваюцца адказныя прадстаўнікі, якія сочаць за цэласнасцю ўпакоўкі, захаваннем маршруту і недапушчэннем старонніх асоб да транспарту.

Эвакуацыя лічыцца завершанай пасля таго, як усе гісторыка-культурныя каштоўнасці, што падлягаюць вывазу, будуць размешчаныя ў бяспечных сховішчах, якія забяспечваюць іх захаванасць.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь катэгарычна супраць вайны, аднак краіна абавязаная рыхтавацца да магчымага ўзброенага канфлікту. Пры гэтым ён падкрэсліваў, што Мінск не мае намеру самастойна ўцягвацца ў баявыя дзеянні або нападаць на суседзяў, а любы ўдзел Беларусі магчымы выключна ў выпадку прамой агрэсіі на яе тэрыторыю.

У ходзе расійскіх абстрэлаў тэрыторыі Украіны знішчана альбо пашкоджана значная колькасць гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У прыватнасці, у ноч на 15 чэрвеня 2026 года была атакаваная Кіева-Пячэрская лаўра. З асуджэннем гэтага акту выступіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Падзяліцца: