Мінск 20:47

У гарах у Кыргызстане знойдзеныя целы — верагодна, зніклых раней беларускіх альпіністаў

Фота: kurumdy.by

16 жніўня, Позірк. Пра “самую цяжкую навіну за ўсе гэтыя дні” паведамляецца на партале kurumdy.by, створаным з мэтай садзейнічання пошукам альпіністаў, зніклых у гарах у Кыргызстане.

“Раніцай 16 жніўня пры аблёце схілу дрон зняў месца сходу снежна-каменнай масы. Пры разборы запісаў у вынасе, побач са знойдзенымі раней рэчамі, выяўленыя целы. З высокай імавернасцю гэта ўдзельнікі групы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што канчатковае апазнанне целаў “магчыма толькі пасля спуску”, да гэтага часу партал не будзе “называць ні імёнаў, ні якіх-небудзь падрабязнасцяў”.

“Сем’і пра ўсё ведаюць”, — падкрэсліваецца ў публікацыі.

“Адно мы можам сказаць упэўнена, і для нас гэта важна. Знаходкі на схіле злучае вяроўка: хлопцы ішлі ў адной звязцы. Ніжэй па схіле мы за гэтыя дні знайшлі рэчы ўсіх траіх. Гэта значыць, што група не падзялялася, у момант аварыі яны былі разам і застаюцца разам цяпер. Ніхто з іх не застаўся на схіле адзін”, — адзначаецца на сайце.

Аб выяўленні асабістых рэчаў альпіністаў стала вядома 14 жніўня.

“Пры аглядзе заходняга боку грэбня, на вышыні каля 4.500 метраў, выяўленыя заплечнік і аранжавая рэч — спальнік або куртка, па відэа дакладней пакуль не сказаць. Побач з імі асобныя прадметы, мяркуючы па ўсім, з гэтага ж заплечніка. Рыштунак, па ўсёй бачнасці, належыць аднаму чалавеку з групы. Ні саміх хлопцаў, ні іх слядоў вакол і на рабры не відаць”, — гаварылася ў паведамленні.

Для пошуку альпіністаў на kurumdy.by аб’яўляўся збор. На 14 жніўня было сабрана 70 тыс. еўра. Зараз збор закрыты.

Паведамлялася, што сродкі збіраюцца на арэнду верталёта, працу ратавальнікаў-вышыннікаў, у тым ліку іх дастаўку ў раён пошукаў, а таксама рыштунак, расходныя матэрыялы, акумулятары для дронаў, сродкі сувязі і харчаванне для тых, хто ідзе наверх.

Зніклі 43-гадовы інжынер-канструктар з Мінска Максім Палянскі, 60-гадовы інжынер, кандыдат у майстры спорту па турызме Мікалай Свірыдаў і 37-гадовы жыхар Вільнюса (Літва) Сяргей Рубцоў.

Палянскі і Свірыдаў маюць тытул “Снежны барс”. Гэта азначае, што яны падняліся раней на ўсе пяць вяршыняў гор-сямітысячнікаў былога СССР.

Адзначалася, што на рахунку групы — дзясяткі складаных узыходжанняў.

Вядома, што 1 жніўня група ў поўным складзе паднялася на на пік Курумды (Ісык-Кульская вобласць), прайшоўшы маршрут па паўночным грэбені.

Днём пазней мужчыны выйшлі на сувязь у апошні раз. Да аўтамабіля, які чакаў іх 4 жніўня, яны не прыйшлі.

10 жніўня да раёна пошукаў выехала група з прафесійным БПЛА. Паведамлялася, што працаваць дрон будзе вылазкамі ў вокны паміж снегападамі.

Падзяліцца: