Мінск 01:23

Справа аб узброеным нападзе на пажылую пару ў Смалявіцкім раёне накіраваная ў суд

28 жніўня, Позірк. Справа аб узброеным нападзе на пажылую пару ў лютым у Смалявіцкім раёне накіраваная ў суд, паведамляе Генеральная пракуратура са спасылкай на службу інфармацыі пракуратуры Менскай вобласці.

Двум 18-гадовым і аднаму 17-гадоваму замежным грамадзянам інкрымінаваныя ч. 1 арт. 14 (замах на злачынства), ч. 3 арт. 147 (прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, учыненае групай асобаў), ч. 1 арт. 149 (наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання) Крымінальнага кодэкса.

Устаноўлена, што 16 лютага 2026 года абвінавачаныя “на ўказанне неўстаноўленых асобаў“ прыехалі да месца жыхарства 63-гадовага мужчыны і 65-гадовай жанчыны. За матэрыяльнае ўзнагароджанне яны павінны былі прычыніць пенсіянерам “пашкоджанні ў выглядзе пераломаў рук і ног“.

“З матэрыялаў крымінальнай справы вынікае, што матывам злачынства мог паслужыць канфлікт дачкі пацярпелых з сужыцелем. Жанчына доўгі час пражывае ў адной з краін далёкага замежжа. Пасля яе звароту ў паліцыю па факце збіцця сужыцелем апошні пагражаў фізічнай расправай над яе бацькамі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Каля 4 гадзін раніцы зламыснікі разбілі шкло ў акне і праніклі ў дом. Дэманструючы бейсбольную біту і два пнеўматычных газабалонных пісталеты, вонкава падобных з агнястрэльнай зброяй, загадзя прыгатаваныя для застрашвання, яны пагражалі забойствам і прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Затым злачынцы жорстка збілі шлюбную пару, а таксама 67-гадовага брата гаспадара, які знаходзіўся ў доме. Яны нанеслі “множныя ўдары бітай, рукамі і нагамі, прымусілі пацярпелых стаяць на каленях, прычыняючы ім шматразовы і працяглы боль, а таксама асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты“.

Свае дзеянні для справаздачы перад замоўнікам яны фіксавалі на камеру мабільнага тэлефона.

Гаспадару дома было нанесена не менш за 23 удары па розных частках цела. Ён атрымаў цялесныя пашкоджанні ў выглядзе выцятых ран, скальпаванай раны, множныя сінякі і ранкі. Яго жонку нападнікі ўдарылі не менш за пяць разоў, зламаўшы плечавую костку рукі.

Брату гаспадара дома абвінавачаныя нанеслі ўдар бітай у вобласць галавы, які пацягнуў пераломы костак асабовага аддзела чэрапа, кровазліццё і сінякі.

Давесці злачынны намер да канца абвінавачаныя не змаглі, паколькі гаспадару дома “ўдалося націснуць кнопку трывожнай сігналізацыі“ і на месца злачынства аператыўна прыбыў нарад пазаведамаснай аховы МУС.

Пасля вывучэння матэрыялаў крымінальнай справы ў пракуратуры Мінскай вобласці прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці прад’яўленага абвінавачання. Фігуранты застаюцца пад вартай.

16 лютага паведамлялася аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце ўзброенага нападу ў Смалявіцкім раёне. Першапачаткова абвінавачанні былі выстаўленыя паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэкса.

Раней МУС і СК паведамілі, што гаспадар жылля перад разбіццём акна паспеў націснуць трывожную кнопку. Адзін з нападнікаў “паспрабаваў схавацца з пісталетам, але быў затрыманы на тэрыторыі Смалявіцкага раёна“.

“З улікам таго, што напад носіць заказны характар, да разбору падлучаныя супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола. Трое пацярпелых дастаўленыя ў лякарню“, — паведамляла МУС.

Таксама ведамства адзначала, што затрыманыя атрымалі прапанову аб “злачыннай падпрацоўцы“ ў месенджары “Тэлеграм“.

Пасля гэтага ім “загадалі прыбыць у аграгарадок Будагава <…>, знайсці дом ахвяры, збіць мужчыну і даслаць відэасправаздачу заказчыку“. “За выкананую працу абяцалі 300 тысяч рублёў”, — гаварылася ў паведамленні МУС без удакладнення, гаворка пра беларускія або расійскія рублі.

“Трое маладых людзей ва ўзросце 17 і 18 гадоў прыехалі ў Мінск, папярэдне ўзброіўшыся нажом, кастэтам, бітай, пісталетамі, газавым балончыкам, узялі каршэрынгавы аўтамабіль і накіраваліся для выканання задання“, — паведамляла МУС.

Падзяліцца: