Мінск 01:41

Прэм’ер-міністры Літвы і Эстоніі не бачаць падстаў змякчаць санкцыі супраць Беларусі

Ілюстрацыя: pixabay.com

29 жніўня, Позірк. Прэм’ер-міністры Літвы Міндаўгас Сінкявічус і Эстоніі Крыстэн Міхал не бачаць падстаў мяняць стаўленне да беларускага рэжыму і змякчаць санкцыйную палітыку, паколькі паводзіны Мінска, паводле іх ацэнкі, істотна не змяніліся, паведамляе LRT са спасылкай на ELTA.

“Казаць, што паводзіны Беларусі нейкім істотным чынам змяніліся, я не бачу падставаў. <…> Цяперашняя ацэнка не стварае падставаў для змены санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі”, — заявіў Сінкявічус 27 жніўня на прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Эстоніі ў Таліне.

Паводле слоў літоўскага прэм’ера, Беларусь працягвае ажыццяўляць супраць Літвы дзейнасць гібрыднага характару, у тым ліку выкарыстоўваць інструменталізаваную міграцыю, а таксама займацца кантрабандай цыгарэт, у тым ліку паветранымі шарамі, з-за чаго парушалася праца грамадзянскай авіяцыі.

“Праз гэта спатрэбілася ўстаноўка плота і розных сістэм відэаназірання. Але нават пасля гэтага працэс не быў завершаны. Цяпер у нас ёсць асобныя выпадкі пракладкі тунэляў, і высылка незаконна перамешчаных мігрантаў усё яшчэ працягваецца“, — сказаў Сінкявічус.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што санкцыі супраць Беларусі і асобных беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў з’яўляюцца агульным рашэннем Еўропы, а не толькі палітыкай Літвы.

Прэм’ер-міністр Эстоніі таксама заявіў аб адсутнасці падставаў лічыць, што Беларусь мяняе сваю пазіцыю або аддаляецца ад Расіі.

“Не варта ствараць сабе ілюзіі, што Беларусь знаходзіцца дзесьці не на баку Расіі. Думаю, што аспекты бяспекі гэтага сапраўды не паказваюць”, — сказаў Міхал на прэс-канферэнцыі.

Паводле яго слоў, Беларусь не з’яўляецца незалежнай дзяржавай, незалежнай ад Расіі, таму казаць пра жаданне змяніць прынятыя рашэнні пакуль рана.

“Было б, безумоўна, заўчасна казаць пра тое, што яны ідуць па шляху выпраўлення сітуацыі — яны не дзейнічаюць самастойна і дапамагаюць расейскім уладам“, — заявіў прэм’ер-міністр Эстоніі.

22 ліпеня міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што ў Еўрапейскім саюзе не вядуцца дыскусіі аб пераглядзе санкцый у дачыненні да Беларусі.

“Санкцыі з’яўляюцца адным з інструментаў ціску, — падкрэсліў чыноўнік. — Літва працягвае паслядоўна выступаць і будзе казаць, што яны павінны быць захаваныя. Акрамя таго — максімальна адаптаваныя да санкцый, якія ўжываюцца да Расіі, а таксама пашыраныя ў тым аб’ёме, які мы прапаноўвалі (для сельгаспрадуктаў, угнаенняў)“.

“Я не бачу ніякіх падстаў казаць пра змякчэнне якога-небудзь рэжыму, гледзячы ўжо на пачатак 2027 года, калі скончацца дзеючыя галіновыя санкцыі“, — дадаў міністр.

Падзяліцца: