Мінск 09:31

Лукашэнка фактычна ўвязаў развіццё супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана са сваімі стасункамі з Рахмонам

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Эмамалі Рахмона ў Мінску (22 лістапада 2023 года)
Архіўнае фота: прэс-служба Лукашэнкі

5 кастрычніка, Позірк. “Дальнабачная палітыка” Эмамалі Рахмона дазваляе Таджыкістану рухацца па шляху ўстойлівага развіцця, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 5 кастрычніка прэзідэнта гэтай краіны ў Цэнтральнай Азіі з 74-годдзем.

“Вашыя адданае служэнне інтарэсам таджыкскага грамадства, клапатлівае стаўленне да культурнай і гістарычнай спадчыны ёсць прыкладам выбітнага дзяржаўнага лідарства”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Лукашэнка, як адзначаецца, “падкрэсліў, што высока цэніць і даражыць шматгадовым сяброўствам з Эмамалі Рахмонам, якое спрыяе адкрыццю новых гарызонтаў узаемавыгаднага супрацы Мінска і Душанбэ”. Такім чынам, ён фактычна ўвязаў развіццё міждзяржаўнага ўзаемадзеяння са сваімі стасункамі з таджыкскім лідарам.

На гэтым фоне палітык выказаў перакананасць у тым, што “братэрскія сувязі паміж народамі дзвюх краін будуць і надалей умацоўвацца”.

9 верасня Лукашэнка, віншуючы Рахмона з 35-годдзем незалежнасці Таджыкістана, таксама заяўляў, што іх персанальныя “сяброўства і давер <…> служаць апорай для комплекснага беларуска-таджыкскага ўзаемадзеяння, а таксама фундаментам трывалага стратэгічнага партнёрства, якое напоўніцу адпавядае інтарэсам Мінска і Душанбэ”.

Рахмон наведваў Беларусь у лістападзе 2023 года, калі ў Мінску праходзіла сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

Ён, як і Лукашэнка, заняў прэзідэнцкае крэсла ў 1994 годзе (да гэтага два гады ўзначальваў парламент) і пасля ўсталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. Палітыка абвяшчалі кіраўніком дзяржавы яшчэ чатыры разы — у 1999, 2006, 2013 і 2020 гадах — паводле вынікаў выбараў, якія суправаджаліся заявамі пра фальсіфікацыі, адсутнасць канкурэнтных умоў ды інш.

На сустрэчы з амбасадарам Таджыкістана Бахтаварам Сафарзодам 15 студзеня 2024 года ў Мінску Лукашэнка заявіў, што ў гандлёва-эканамічных стасунках Мінска і Душанбэ “праблем велізарная колькасць”, а задач, “якія трэба вырашаць”, — “такая ж колькасць”.

Ён спаслаўся на даныя МЗС, якое канстатавала “нязначнае зніжэнне” двухбаковага тавараабароту паводле вынікаў 2023 года. Аднак, адзначыў Лукашэнка, 2022 год забяспечыў “прыстойнае зніжэнне” ўзроўню ўзаемнага гандлю.

Паводле яго сцвярджэння, Беларусь “мае ўсё неабходнае, у чым мае патрэбу Таджыкістан у галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, <…> аўтамабільнай тэхнікі, асабліва вялікагрузных аўтамабіляў”. Ён заявіў пра гатоўнасць “падключыцца да аказання дапамогі ў забеспячэнні бяспекі” Таджыкістана.

Увесну 2026 года Сафарзода заяўляў, што па выніках 2025-га тавараабарот паміж Таджыкістанам і Беларуссю перавысіў 222 млн долараў, павялічыўшыся ў гадавым вымярэнні на 29,2%.

Падзяліцца: