Мінск 09:19

У М’янме пяць чалавек асуджаныя за гандаль людзьмі ў сувязі з вывазам беларускі ў скам-цэнтр

9 кастрычніка, Позірк. Пяць грамадзян М’янмы прыгавораныя да 21 года пазбаўлення волі па справе аб гандлі людзьмі ў дачыненні да 26-гадовай грамадзянкі Беларусі Веры Краўцовай, паведаміла 8 кастрычніка СМІ Democratic Voice of Burma (DVB).

Паводле даных выдання, прыгавор 1 кастрычніка вынес суд раёна Мінгаладон у Янгоне (буйны горад і былая сталіца краіны) паводле артыкулаў 38(a) і 44 закона аб барацьбе з гандлем людзьмі. Асуджаныя прызнаныя вінаватымі ў перапраўцы беларускі ў дзейны ў невядомым месцы краіны “анлайн-бізнес па махлярстве”.

Суд таксама выдаў ордары на арышт трох грамадзян М’янмы і двух грамадзян Таджыкістана, якія, як мяркуецца, маюць дачыненне да справы.

Як удакладняецца, Краўцова прыляцела ў Янгон з Бангкока 20 верасня 2025 года. Паводле даных DVB, яе “прымусілі працаваць <…> і эксплуатавалі”. 4 кастрычніка мінулага года яна перастала выходзіць на сувязь з сям’ёй у Беларусі.

Краўцову, як сцвярджаецца, прымушалі займацца “рамантычным махлярствам”, пасля чаго яна, верагодна, была забітая. Згадваюцца публікацыі ў заходняй прэсе пра тое, што невядомыя патрабавалі ў сям’і загінулай 500 тыс. долараў выкупу, а пасля паведамілі, што цела беларускай крэміравана, а яе ўнутраныя органы прададзеныя.

DVB — незалежнае м’янманскае СМІ, заснаванае ў 1992 годзе і зарэгістраванае як некамерцыйная арганізацыя ў Тайландзе. Выданне выпускае матэрыялы на бірманскай і англійскай мовах.

Пра знікненне Краўцовай стала вядома ў кастрычніку мінулага года. Паводле паведамленняў расійскіх СМІ, бацькі дзяўчыны атрымалі ліст пра тое, што яна памерла ў М’янме ад сардэчнага прыступу і была крэміраваная.

Сёлета 5 жніўня амбасада Беларусі ў В’етнаме паведамляла, што дадому вярнулася беларуская грамадзянка (імя не называлася), якая раней незаконна ўтрымлівалася на тэрыторыі М’янмы.

“Гэты факт стаў магчымым дзякуючы правядзенню дыпмісіяй разам з міністэрствамі ўнутраных і замежных спраў М’янмы скаардынаванага і рашучага комплексу мерапрыемстваў па ўстанаўленні месцазнаходжання суайчынніцы і яе вызваленні”, — адзначалася ў рэлізе.

Падкрэслівалася, што “абстаноўка ў рэгіёне адказнасці замежнай установы, у тым ліку ў М’янме, застаецца няпростай” (яна таксама абслугоўвае Камбоджу, Лаос і Тайланд).

“Каб пазбегнуць сітуацый, якія пагражаюць здароўю і жыццю, рэкамендуем быць адказнымі і ўважлівымі пры вывучэнні прапаноў, якія паступаюць, аб “лёгкім заробку” і працаўладкаванні”, — інфармавала дыпмісія.

Пра тое, што згаданая грамадзянка Беларусі была вызвалена з цэнтра анлайн-махлярства і пераведзеная ў міграцыйны цэнтр горада М’явадзі, паведамлялася 8 ліпеня. На той момант жанчына чакала дэпартацыі і была на сувязі з амбасадай Беларусі ў В’етнаме. 

Падзяліцца: