Мінск 23:56

У ААН прадстаўнік Беларусі заклікаў не палітызаваць міграцыю — у адказ краіны Балтыі запатрабавалі перастаць выкарыстоўваць мігрантаў

Архіўнае фота: САДМ Літвы

10 кастрычніка, Позірк. З заклікам “спыніць палітызацыю пытанняў міграцыі” звярнуўся да суседніх краін Еўрасаюза намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Беларусі Вадзім Пісарэвіч 9 кастрычніка ў Нью-Ёрку на 9-м пасяджэнні Другога камітэта Генеральнай Асамблеі ААН.

Паводле слоў беларускага чыноўніка, міграцыя “спрыяе зніжэнню сацыяльнай напружанасці ў адных дзяржавах, але ў той жа час садзейнічае развіццю іншых краін”.

Пры рэгуляванні і кантролі міграцыя “будзе спрыяць інклюзіўнаму ўстойліваму развіццю”, у адваротным выпадку яна “стане крыніцай нестабільнасці для многіх краін”, заявіў ён.

“У гэтай сферы важнае значэнне мае эфектыўнае ажыццяўленне Глабальнага дагавора аб бяспечнай, упарадкаванай і легальнай міграцыі, — сказаў Пісарэвіч. — Міграцыя — гэта глабальная з’ява, якая ў той ці іншай ступені закранае ўсе краіны. Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам выпрацаваць эфектыўныя рашэнні. Беларусь заўсёды прытрымлівалася такога падыходу”.

Аднак “на працягу апошніх некалькіх гадоў” Беларусь, паводле яго слоў, “пастаянна чуе дзіўныя абвінавачанні з боку сваіх суседзяў па Еўрапейскім саюзе”.

“Нас абвінавачваюць у тым, што мы нібыта садзейнічаем нелегальнай міграцыі ў суседнія краіны ў рамках так званай гібрыднай вайны супраць гэтых дзяржаў. Беларусь заклікае сваіх суседзяў па ЕС спыніць палітызацыю пытанняў міграцыі. Палітызацыя, як і палітыка закрыцця памежных пераходаў і будаўніцтва сцен уздоўж мяжы Беларусі, не вырашыць ніякіх праблем. Гэтыя праблемы могуць быць вырашаныя толькі шляхам супрацы”, — заявіў прадстаўнік беларускага МЗС.

У адказ на выступ Пісарэвіча намеснік пастаяннага прадстаўніка Латвіі пры ААН Олегс Ілгіс ад імя Рыгі, а таксама Вільнюса і Таліна выступіў з заявай, у якой канстатаваў, што “Латвія і Літва больш за пяць гадоў сутыкаюцца з наўмысным выкарыстаннем Беларуссю мігрантаў у якасці інструмента для падрыву <…> тэрытарыяльнай цэласнасці і нацыянальнай бяспекі”.

“Беларускі рэжым узмацняе сваю гібрыдную кампанію, — заявіў ён. — Толькі сёлета Латвія прадухіліла каля 12 тысяч спробаў незаконнага перасячэння мяжы. На гэтым тыдні, 5–6 кастрычніка, Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі сутыкнуліся з наўмысным і арганізаваным садзейнічаннем незаконнаму пранікненню мігрантаў з Беларусі. Група як мінімум з 20 мігрантаў у суправаджэнні людзей у масках паспрабавала незаконна перасекчы мяжу Латвіі. Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі прадухілілі гэтую спробу”.

Адзначыўшы, што аналагічныя выпадкі “адбываюцца і на іншых участках знешняй мяжы ЕС з Беларуссю”, латвійскі дыпламат падкрэсліў, што абарона знешніх межаў — гэта “агульнаеўрапейская адказнасць”.

“Мы асуджаем наўмысную эксплуатацыю Беларуссю ўразлівых людзей з мэтай аказання палітычнага і фізічнага ціску на суседнія дзяржавы і Еўрапейскі саюз, — заявіў Ілгіс. — Рэжым Лукашэнкі цынічна выкарыстоўвае тысячы ўразлівых людзей з Афрыкі, Блізкага Усходу і Азіі, завабліваючы іх у Беларусь і садзейнічаючы іх небяспечнаму падарожжу ў Еўропу. Дзеянні Беларусі адкрыта супярэчаць міжнароднаму правапарадку ў галіне правоў чалавека і спрыяюць таму, што гэтыя людзі становяцца ахвярамі эксплуатацыі, гандлю людзьмі і незаконнай перапраўкі мігрантаў”.

“Літва таксама ініцыявала разгляд справы супраць Беларусі ў Міжнародным судзе ААН у сувязі з меркаванымі парушэннямі Беларуссю Пратакола супраць незаконнага ўвозу мігрантаў. Мы заклікаем Беларусь спыніць гэтую практыку і датрымлівацца сваіх абавязацельстваў згодна з міжнародным правам, а таксама заклікаем усе дзяржавы — члены ААН далучыцца да гэтага закліку”, — дадаў ён.

Праведзены “Позіркам” аналіз даных памежных ведамстваў еўрапейскіх дзяржаў паказаў, што ад пачатку года суседнія краіны ЕС спынілі крыху менш за 14,2 тыс. спробаў мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Найбольш спробаў зафіксавана на латвійскім участку мяжы — больш за 12 тыс. (спробы штурму робяцца бесперапынна з 25 сакавіка); на літоўскім — 1,7 тыс., польскім — каля паўтысячы.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, бо іх туды нібыта “паклікалі”, а сам ЕС “душыць” Мінск санкцыямі.

Мінск правярае рэакцыю Рыгі на правакацыі — намеснік кіраўніка Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі

8 кастрычніка, Позірк. У адпаведнасці з дзейным рэгуляваннем памежнікі не могуць страляць "у бок Беларусі для спынення агрэсіўных мігрантаў або асоб, што іх суправаджаюць", заявіў 7 кастрычніка па выніках пасяджэння камісіі Сейма Латвіі па грамадзянстве, міграцыі і згуртаванасці грамадства намеснік …
Падзяліцца: