Мінск 08:50

Лукашэнка заявіў пра зацікаўленасць ва ўмацаванні адносін з Экватарыяльнай Гвінеяй, амбасаду ў якой Мінск закрыў улетку

12 кастрычніка, Позірк. Аб зацікаўленасці ва “ўмацаванні адносін” паміж Беларуссю і Экватарыяльнай Гвінеяй гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнту гэтай афрыканскай дзяржавы Тэадору Абіангу Нгему Мбасога з Днём Незалежнасці.

Паводле слоў віншавальніка, якія прыводзіць яго прэс-служба, рэалізацыя двухбаковых дамоўленасцяў у гандлёва-эканамічнай, адукацыйнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і іншых сферах “надасць дынаміку супрацоўніцтву” і “будзе спрыяць доўгатэрміновым трывалым сувязям і збліжэнню народаў”.

Лукашэнка лічыць, што за гады суверэнітэту Экватарыяльная Гвінея дасягнула “значных вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці, заслужыла аўтарытэт у свеце”.

У леташнім аналагічным пасланні ён адзначыў, што Мінск разглядае ўзаемадзеянне з Малабо як “важны і перспектыўны напрамак”.

“Сёння неабходна хутчэй ажыццявіць дасягнутыя дамоўленасці і пачаць рэалізацыю ў поўным аб’ёме праектаў, прадугледжаных дарожнай картай. Бачу ў гэтым ключ да паглыблення гандлёва-эканамічных сувязяў, стварэння новых магчымасцяў для супрацоўніцтва і фарміравання трывалай асновы двухбаковых адносін паміж нашымі дзяржавамі”, — заявіў тады віншавальнік.

У 2024-м Лукашэнка выказаў упэўненасць, што згаданая “дарожная карта двухбаковага супрацоўніцтва” будзе “паспяхова выкананая ў поўным аб’ёме ў адпаведнасці з дасягнутымі дамоўленасцямі”.

Па выніках двухбаковых перамоў 9 снежня 2023 года ў Малаба (сталіца Экватарыяльнай Гвінеі да 2 студзеня 2026 года) Лукашэнка і Абіанг Нгема Мбасога падпісалі дарожную карту па развіцці супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

Дакумент, разлічаны на 2024–2026 гады, ахоплівае “15 ключавых напрамкаў узаемадзеяння”, уключаючы “кааперацыйныя праекты, пастаўкі беларускай тэхнікі і арганізацыю яе абслугоўвання, сельскагаспадарчую сферу, ахову здароўя, фармацэўтыку і рэалізацыю медыцынскага абсталявання, лясная гаспадарка”.

Бакі падпісалі пагадненні аб абароне інвестыцый, пазбяганні двайнога падаткаабкладання і прадухіленні ўхіленняў ад выплаты падаткаў на прыбытак і маёмасць.

Пра закрыццё беларускай амбасады ў Малабо стала вядома 24 чэрвеня. У пастанове ўрада называлася дата — 1 ліпеня.

Адметна, што замежная ўстанова павінна была адкрыцца да 1 жніўня 2024 года ў адпаведнасці з пастановай урада № 930 ад 22 снежня 2023 года. Пасля гэтага ў інфармацыйных матэрыялах МЗС з’яўляліся звесткі аб сустрэчах часовага паверанага ў справах Беларусі ў Экватарыяльнай Гвінеі Уладзіслава Жура. На сустрэчах сярод іншага абмяркоўвалася пытанне адкрыцця амбасадара Экватарыяльнай Гвінеі ў Беларусі, аднак прагрэсу, па ўсёй бачнасці, дасягнута не было. Не быў прызначаны і амбасадар Беларусі ў афрыканскай краіне.

Падзяліцца: