Мінск 13:49

Пажар у Магілёве — МНС эвакуявала з інтэрната 104 чалавекі

Відэа: МНС / стоп-кадр: "Позірк"

11 кастрычніка, Позірк. Пра пажар у інтэрнаце ў Магілёве паведаміла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Узгаранне здарылася раніцай 11 кастрычніка, гаворка пра дзевяціпавярховы інтэрнат на вуліцы Бялінскага.

“На момант прыбыцця да месца здарэння падраздзяленняў МНС назіралася адкрытае гарэнне ў акне на восьмым паверсе. Спрацавала сістэма маўленчага апавяшчэння аб пажары. Праз задымленне ў калідоры стварылася пагроза жыццю і здароўю людзей”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што супрацоўнікі МНС “з дапамогай маскі для выратаванага вывелі ў бяспечнае месца пяць чалавек, у тым ліку адно дзіця”.

“Пры спробе самастойна ліквідаваць гарэнне апёкі атрымаў жыхар інтэрната. Работнікі МНС знайшлі яго ў калідоры і эвакуіравалі. Мужчына шпіталізаваны”, — паведамляе ведамства.

Сумесна з жыхарамі інтэрната работнікі МНС эвакуявалі 104 чалавекі, у тым ліку 23 дзіцяці.

Пажар ліквідаваны. Абставіны здарэння высвятляюцца.

Паведамляецца, што на месцы здарэння працавала дзевяць адзінак тэхнікі МНС.

Падзяліцца: