Мінск 11:38

Загадчыца парку атракцыёнаў у Магілёве прысуджаная да 2,5 года калоніі-пасялення па справе аб гібелі 18-гадовага стажора

Ілюстрацыя: Следчы камітэт

16 кастрычніка, Позірк. Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прыгаварыў да 2,5 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення 25-гадовую загадчыцу паркам атракцыёнаў, паведамляе Генеральная пракуратура.

Жанчына прызнаная вінаватай паводле ч. 2 арт. 306 КК (парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі і іншых правілаў аховы працы службовай асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Ёй таксама забаронена на працягу пяці гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.

Акрамя таго, з юрыдычнай асобы — уласніка атракцыёну — на карысць маці загінулага спагнана 150 тыс. рублёў у кошт кампенсацыі маральнай шкоды.

Як устаноўлена ў судзе, 1 траўня 2026 года 18-гадовы навучэнец другога курса каледжа працаваў на атракцыёне “Сальта” ў Магілёве. Загадчыца парку дапусціла яго да працы без заключэння працоўнага або грамадзянска-прававога дагавора. “Малады чалавек не праходзіў медыцынскі агляд, навучанне, стажыроўку, першасны інструктаж і праверку ведаў у пытаннях прамысловай бяспекі і аховы працы”, — адзначае Генпракуратура.

Пасля завяршэння працоўнага цыклу ён не ўстанавіў балансір з каруселлю на фіксатар. Пасля высадкі пасажыраў балансір самаадвольна прыйшоў у рух, і рухомая частка атракцыёну ўдарыла маладога чалавека па галаве. Ён памёр на месцы здарэння.

Паведамляецца, што абвінавачаная ў судзе прызнала віну і раскаялася.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Аб устанаўленні абставінаў гібелі стажора Следчы камітэт паведамляў 16 верасня, тады ж стала вядома аб прад’яўленым абвінавачванні загадчыцы парку атракцыёнаў.

Аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце гібелі 18-гадовага стажора на атракцыёне ў Магілёве СК паведаміў 3 траўня.

Тады адзначалася, што расследаванне праводзіцца ў дачыненні да 56-гадовага дырэктара арганізацыі адпачынку і забаў, яму была інкрымінаваная ч. 2 арт. 428 КК (службовая халатнасць, якая пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Пра гібель стажора СК паведаміў 1 траўня.

Падзяліцца: