Мінск 13:21

Былымі палітвязнямі прызнана яшчэ 13 чалавек

Фота: pixabay.com

16 кастрычніка, Позірк. Былымі палітвязнямі прызнана яшчэ 13 чалавек, гаворыцца ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 16 кастрычніка.

У спіс уключаныя: Дзмітрый Дзік, Аляксандр Зямянцаў, Віктар Койпаш, Яўген Міласердаў, Аляксандр Палячонак, Вадзім Пашкоўскі, Святлана П’янава, Злата Скобнікава, Алена Таленец, Андрэй Ходар, Людміла Царова, Павел Цароў, Сяргей Чаравака.

Пераслед гэтых людзей ацэньваецца як “палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоды выказвання свайго меркавання ў дачыненні да абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта [2020 года] і іншых грамадска значных падзей”.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр “Вясна”, “Прававая ініцыятыва”, Беларускі ПЭН, Беларускі дом правоў чалавека ім. Барыса Звозскава, Lawtrend, Human Constanta і Беларускі Хельсінкскі камітэт.

Праваабарончая супольнасць пачала прысвойваць статус былых палітвязняў людзям, якія яго не мелі падчас знаходжання ў няволі, увосень 2023 года.

У заяве кааліцыі беларускіх праваабарончых арганізацый 12 кастрычніка адзначалася, што з 2020 года ў краіне дзейнічае “скаардынаваная сістэма падаўлення іншадумства, якая ахоплівае праваахоўныя органы, суды, пенітэнцыярную сістэму і іншыя дзяржаўныя структуры”.

З пачатку ўказанага перыяду фігурантамі палітычна матываваных крымінальных спраў стала як мінімум 3,2 тыс. чалавек. За гэты перыяд зафіксавана не менш за 28,5 тыс. затрыманняў, ператрусаў і іншых формаў рэпрэсій. Колькасць прызнаных палітвязнямі, у тым ліку былымі, вырасла да 4.879 (+1.488) чалавек.

Адзначалася, што вызваленне не гарантуе спынення пераследу. З прыкладна 900 вызваленых, пра якія вядома праваабаронцам, не менш за 220 было прымусова вывезена з Беларусі: “Ціск на былых палітвязняў працягваецца як унутры краіны, так і за яе межамі”.

Паводле звестак “Вясны”, на 16 кастрычніка ў краіне налічваецца 878 палітвязняў.

Падзяліцца: