Мінск 10:34

МУС адзначыла ўклад “пільных грамадзян” у выяўленні нелегальных мігрантаў у Мінску

Відэа: ГУУС Мінгарвыканкама / стоп-кадр: "Позірк"

16 кастрычніка, Позірк. Аб выяўленні ў Мінску груп нелегальных мігрантаў дзякуючы інфармацыі, якая паступала ад “пільных грамадзян”, паведаміла ГУУС Мінгарвыканкама.

У рэлізе гаворыцца, што падчас спецыяльнай комплекснай аперацыі “Нелегал” міліцыя правяла мерапрыемствы, накіраваныя на “спыненне нелегальнай міграцыі і забеспячэнне няўхільнага выканання міграцыйнага заканадаўства”.

Адзначаецца, што ў дачыненні да парушальнікаў прынятыя “меры прававога ўздзеяння”, у тым ліку рашэнні аб выправаджэнні з Беларусі, таксама на іх накладзеныя “адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе штрафаў”.

Акрамя таго, устаноўленыя асобы, якія прадастаўлялі замежным грамадзянам жыллё “без належнага інфармавання органаў унутраных спраў”.

Колькасць замежнікаў, прыцягнутых да адказнасці, не называецца.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што тых туды нібыта “паклікалі”, а сам ЕС “душыць” Мінск санкцыямі.

Падзяліцца: