Мінск 13:10

Беларуска затрыманая ў Польшчы па справе аб адмыванні грошай

Ілюстрацыйнае фота: ABW

19 кастрычніка, Позірк. Грамадзянка Беларусі, а таксама тры жанчыны і пяцёра мужчын з Украіны затрыманыя ў Польшчы паводле падазрэння ва ўдзеле ў міжнароднай злачыннай групе, якая займалася адмываннем грошай.

Як паведамляе польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW), агульная сума праведзеных групай транзакцый перавысіла 337 млн злотых (каля 87 млн долараў).

Паводле сцвярджэння ведамства, група адмывала грошы, атрыманыя злачынным шляхам, у тым ліку ў выніку махлярства на гандлёвых платформах і інвестыцый у крыптавалюты.

Лідарам групы, як заяўлена, быў 34-гадовы грамадзянін Украіны, які “прымаў ключавыя рашэнні і кантраляваў увядзенне ў абарачэнне ў Польшчы і па-за яе межамі грашовых сродкаў, атрыманых з незаконных крыніц”. Паведамляецца, што ўдзельнікі групы дзейнічалі паводле размеркаваных роляў, а рух незаконна атрыманых сродкаў маскавалі з дапамогай аперацый у абменных пунктах і фіктыўных пакупак золата.

Аперацыю правялі супрацоўнікі Гданьскага аддзялення ABW, Вармінска-Мазурскага падраздзялення Памежнай аховы і Цэнтральнага бюро па барацьбе з кіберзлачыннасцю ў Лодзі пад наглядам Лодзінскай рэгіянальнай пракуратуры.

Вобшукі прайшлі ў Варшаве, Лодзі і Малапольскім ваяводстве. Канфіскаваныя золата і наяўныя грошы (агульны кошт — больш за 1 млн злотых, або звыш 257 тыс. долараў), а таксама камп’ютары, тэлефоны ды іншае электроннае абсталяванне.

Суд пастанавіў узяць шасцярых падазраваных пад варту на тры месяцы, яшчэ аднаго — на два месяцы. Двое астатніх знаходзяцца пад закладам, паліцэйскім наглядам і забаронай на выезд з краіны.

Калі віна будзе даказаная, то, як паведамляецца, падазраваным пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: