Мінск 17:02

Лукашэнка пахваліў Аўстрыю за “збалансаваную пазіцыю нейтралітэту”

26 кастрычніка, Позірк. Аб “збалансаванай пазіцыі нейтралітэту” Вены, якая “набывае асаблівую каштоўнасць у сучасным свеце”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 26 кастрычніка з нацыянальным святам народ Аўстрыі.

Адначасова ён заявіў, што выступае за “аднаўленне канструктыўнага супрацоўніцтва” паміж Мінскам і Венай, якое “сумесна выбудоўвалі дзесяцігоддзямі”. Улады, паводле яго сцвярджэння, “гатовы ствараць новыя магчымасці для плённага ўзаемадзеяння”.

Лукашэнка “пажадаў народу Аўстрыі захоўваць вернасць свайму мудраму гістарычнаму выбару і садзейнічаць устанаўленню ў Еўропе згоды і стабільнасці”.

Аўстрыя з’яўляецца часткай Еўрапейскага саюза, які не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі і ўвёў у дачыненні да Мінска і прадстаўнікоў кіруючага рэжыму санкцыі.

Урад Беларусі ў 2022 годзе зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у які ўваходзяць усе краіны аб’яднання. На гэтым фоне Лукашэнка віншуе з нацыянальнымі святамі не кіраўніцтва, а народы “недружалюбных краін”. Выключэнне складаюць Венгрыя і Славакія, якія накіравалі ў Беларусь паслоў, дэ-факта прызнаўшы яго кіраўніком краіны.

Дэмакратычныя сілы супрацоўнічаюць з Венай. Святлана Ціханоўская неаднаразова наведвала гэтую краіну як у фармаце двухбаковых візітаў, так і па лініі міжнародных арганізацый, якія там знаходзяцца, у прыватнасці, АБСЕ.

Беларусь афіцыйна адмовілася ад імкнення да нейтралітэту і бяз’ядзернага статусу 27 лютага 2022 года ў выніку рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Тады з тэксту Асноўнага закону была выключана адпаведная норма.

Падзяліцца: