Мінск 11:45

У раёне, які мяжуе з Украінай, міліцыя раіць пры выяўленні БПЛА не фатаграфаваць іх і нікога не дапускаць да прыезду службаў

4 лістапада, Позірк. Алгарытм дзеянняў у выпадку выяўлення БПЛА апублікавала ад імя ўчастковага інспектара мясцовага райаддзела міліцыі Антона Ьабра апублікавала газета Ельскага раёна Гомельскай вобласці “Народны голас”.

Як піша дзяржвыданне, неабходна адысці на бяспечную ад месца падзення дрона адлегласць і патэлефанаваць у міліцыю.

Паводле сцвярджэння Бабра, у рэгіёне “шанец сустрэць БПЛА значна вышэйшы, чым у іншых месцах Беларусі“, бо рэгіён мяжуе з Украінай, якая ваюе.

Міліцыянер прапануе ўказваць месца выяўлення аб’екта, апісваць яго “характар паводзін“, сказаць аб наяўнасці сістэмы відэаназірання на месцы, паведаміць “іншыя звесткі на запыт упаўнаважанага органа“.

Паводле яго слоў, забаронена фатаграфаваць БПЛА, тэлефанаваць паблізу яго па мабільным тэлефоне. Таксама інспектар раіць “па магчымасці не дапускаць да [дрона] іншых асоб да прыезду аператыўных службаў”.

Аб пралёце беспілотніка з характэрным гукам “мапеда” каля паўночы 3 лістапада над Гомелем пісала рэгіянальнае выданне “Флагшток”. Паводле інфармацыі СМІ, дрон праляцеў над Савецкім раёнам і паўднёвымі ўскраінамі абласнога цэнтра.

Пры гэтым украінскія маніторынгавыя каналы зафіксавалі адзін расійскі БПЛА над тэрыторыяй Беларусі прыкладна на дзве гадзіны пазней: каля 2: 00 дрон знаходзіўся над Брэсцкай вобласцю — у раёне Століна, затым працягнуў рухацца ў бок Пінска. Што адбылося з ім далей, не ўдакладнялася.

Некаторыя жыхары Гомеля пісалі ў сацсетках, што чуюць гук “мапеда“ другую ноч запар. З паведамленняў маніторынгавых каналаў вядома, што ў першыя дні лістапада фіксаваліся залёты расійскіх БПЛА ў Гомельскую вобласць.

Паводле звестак “Флагштока”, у кастрычніку паветраную прастору Беларусі парушылі мінімум 24 расійскія дроны. Рэальная колькасць парушэнняў можа быць значна больш.

Мінск падтрымліваюць Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Перыядычна фіксуюцца залёты на тэрыторыю Беларусі баявых дронаў, вядомыя факты іх выбухаў.

Падзяліцца: