be
Arrow
Мінск 20:38

“Справа БелаПАН”: Людзі, каментары, факты

Сёння ў 10.30 Мінскі абласны суд у закрытым рэжыме на тэрыторыі суда Мінскага раёна (вул. Маякоўскага, 119а) пачне разглядаць “справу БелаПАН” — адну з многіх спраў, узбуджаных беларускімі ўладамі дзеля поўнай зачысткі інфармацыйнага поля ад непажаданых (у іх паняційным апараце — “экстрэмісцкіх”) крыніц навін і каментароў.

Абвінавачаныя

Андрэй Аляксандраў, 44 гады, намеснік дырэктара ў 2014—2018 гадах, пад вартай з 12 студзеня 2021 года, абвінавачваецца па ч. 2 арт. 243, ч. 2 арт. 342, ч. 1 арт. 356, ч. 1 арт. 3611 КК;

Дзмітрый Наважылаў, 49 гадоў, дырэктар БелаПАН у 2018—2021 гадах, пад вартай з 18 жніўня 2021 года (ч. 2 арт. 243, ч. 1 арт. 3611 КК);

Ірына Леўшына, 56 гадоў, галоўны рэдактар — дырэктар БелаПАН, пад вартай з 18 жніўня 2021 года (ч. 1 арт. 3611);

Ірына Злобіна, 33 гады, дзяўчына Андрэя Аляксандрава (ч. 2 арт. 342, ч. 1 арт. 356).

Усіх чацвярых беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

З Крымінальнага кодэкса

Ч. 2 арт. 243 — ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў, якое прывяло да прычынення ўрону ў буйным памеры (абмежаванне свабоды на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення).

Ч. 2 арт. 342 — навучанне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці (арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў);

Ч. 1 ст. 356 — здрада дзяржаве — выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў РБ, а таксама звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь (…), або шпіянаж, (…) або іншае наданне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы РБ (пазбаўленне волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў са штрафам або без штрафу);

Ч. 1 ст. 3611
— стварэнне экстрэмісцкага фарміравання, а таксама фарміравання, дзейнасць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму, або кіраўніцтва такім фарміраваннем або структурным падраздзяленнем, якое ўваходзіць у яго (абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў).

Сутнасць абвінавачанняў

4 красавіка гэтага года Генеральная пракуратура паведаміла, што Аляксандраву і Злобінай ставіцца ў віну “падрыхтоўка з 14 жніўня 2020 года па 12 студзеня 2021 года не менш за 260 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, шляхам аплаты адміністрацыйных штрафаў, рахункаў за харчаванне” у месцах утрымання і адбывання адміністрацыйных арыштаў, рахункаў за паслугі адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйных і крымінальных працэсах, а таксама аказваюць іншую юрыдычную дапамогу”.

Ім жа інкрымінуецца “наданне дапамогі замежнай арганізацыі “БАЙХЭЛП” і яе прадстаўнікам у дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”.

Аляксандраву, Наважылаву і Леўшынай ставіцца ў віну “стварэнне з ліку работнікаў ЗАТ “БЕЛАПАН” і іншых асоб групы грамадзян, якая ў 2020—2021 гадах ажыццяўляла экстрэмісцкую дзейнасць у выглядзе стварэння і размяшчэння на інтэрнет-рэсурсах ЗАТ “БЕЛАПАН” матэрыялаў з прыкметамі экстрэмізму, а таксама кіраўніцтва такім фармаваннем”.

Аляксандраву і Наважылаву інкрымінуецца “ўхіленне ад выплаты ЗАТ “БЕЛАПАН” падаткаў пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання за 2015—2020 гады і падаходнага падатку з фізічных асоб за люты 2015 года — красавік 2021 года шляхам утойвання, наўмыснага заніжэння падатковай базы і ўнясення ў падатковыя дэкларацыі (разлікі) загадзя ілжывых звестак, што пацягнула прычыненне дзяржаве ўрону ў памеры каля 450 тыс. рублёў”.

1 лістапада 2021 года КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” “групу грамадзян з ліку супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва ЗАТ “БелаПАН”. Пра гэта стала вядома 12 лістапада. У той жа дзень, каб пазбегнуць пагрозы пераследу супрацоўнікаў, што заставаліся на волі, дзейнасць БелаПАН была прыпынена.

Андрэй Аляксандраў: Трымаемся і пішам далей

Чалавек, які знаходзіўся ў курсе ўсяго і ўся, Андрэй Аляксандраў у адным з апошніх лістоў, што прарваліся на волю, — напісаных нязменным каліграфічным почыркам — прызнаўся: “Я наогул з працай уяўляю сабе, як сёння ўладкаваны свет — і хто з сяброў у якой яго часткі… І вельмі-вельмі цікава, як вы там і што тамака сабе думаеце, вось бы выдатна пра гэта даведацца”.

Але ў канцы — нязменнае аптымістычнае: “Трымаемся і пішам далей”. Блізкі сябар Аляксандрава Зміцер Яненка адзначае, што той ніколі не губляў бадзёрасці духу нават у самых складаных сітуацыях.

— Мяне з Андрэем пазнаёміў наш добры сябар Сяргей Вазняк, — успамінае Зміцер. — Андрэй і Сяргей пасябравалі падчас адной з замежных паездак. А я з Сяргеем рабіў газету “Товарищ”. Аднойчы да нас у рэдакцыю прыехаў Андрэй — так і адбылося наша знаёмства.

Адна з характэрных асаблівасцяў Андрэя: ён адразу паказвае сябе такім, які ён ёсць. За ўвесь час нашага сяброўства я ні разу не бачыў у яго паводзінах пазёрства, спроб спадабацца.

Мы з ім сышліся не толькі з-за прафесійных інтарэсаў, але і на тэме спорту, найперш англійскай прэм’ер-лігі. І калі ён сказаў, што хварэе за “Ліверпуль”, я пакашляў у кулак і выдаў: “А я — за “Чэлсі”. Што цікава, Андрэй, калі вучыўся, а пазней працаваў у Лондане, прывёз мне ў падарунак сцяг “Чэлсі” .Я тады запомніў яго словы: “Дзімулік, мне, вядома, вельмі нязвыкла фінансаваць канкурэнта “Ліверпуля”, але я вырашыў гэта зрабіць”. Справа ў тым, што Андрэй не толькі заўзяты прыхільнік “чырвоных”, ён таксама афіцыйны чалец руху заўзятараў гэтага футбольнага клуба… А яшчэ ён пераклаў гімн “Ліверпуля” на беларускую мову — ужо знаходзячыся пад арыштам. Для мяне гэта паказальна.

Разам з ім мы працавалі над некалькімі журналісцкімі праектамі. Андрэй — вельмі моцны медыяменеджэр. І што самае важнае, ён ніколі не змешваў сяброўства і працу. Па працоўных момантах мы маглі спрачацца нават на падвышаных танах, часам і з моцным слоўцам. Але ніколі не было пераходу на асобы, нашыя працоўныя спрэчкі ніяк не ўплывалі на сяброўства. Больш за тое, яго парады па працы заўсёды былі талковымі, у гэтым я шматкроць пераконваўся.

Я мог з нечым не пагадзіцца адразу, але ў канчатковым выніку яго рэкамендацыі толькі падвышалі эфектыўнасць працы.

Калі Андрэй пачаў працаваць у БелаПАН, ён запрасіў мяне туды. У нас адбылася сустрэча з дырэктарам Алесем Ліпаем, цяпер нябожчыкам, на якой Андрэй даў мне найлепшую характарыстыку, і Алесь прапанаваў мне папрацаваць.

З Андрэем мы ўвогуле сябруем сем’ямі. Ён быў на маім вяселлі. Разам адзначалі і, не сумняваюся, яшчэ адзначым нашыя дні нараджэння. Усіх маіх сяброў можна палічыць на пальцах адной рукі. Ён — сярод іх.

Андрэй любіць казаць пра мяне і Сяргея Вазняка: “У мяне ёсць два найлепшыя сябры, і абодва яны камуністы”. Ён заўсёды жартуе: маўляў, як такое з ім увогуле магло здарыцца. Але, нягледзячы на тое, што нашыя палітычныя погляды разыходзяцца, гэта ніколі не перашкаджала сябраваць. Больш за тое, палітычныя і ідэалагічныя пытанні пры сустрэчах мы стараліся не закранаць, у нас знаходзілася вялізная колькасць іншых тэм. Ну а калі ўсё ж палітыка ўсплывала, то па-добраму тролілі адно аднаго.

Аднойчы здарылася смешная гісторыя. Літоўскі саюз журналістаў штогод праводзіў спартыўнае мерапрыемства, куды запрашаў калег з розных краін. У складзе зборнай Беларускай асацыяцыі журналістаў мы таксама ўдзельнічалі тамака шмат разоў. Падчас аднаго такога спартовага свята гулялі ў стрытбол. У нас толькі пачаўся першы матч з латышамі, я стаяў на варотах. Праходзіць пяць хвілін — я атрымліваю траўму, разрыў звязкаў на калене. Мяне замяняе Вазняк. Літаральна праз 10 хвілін ён ламае руку — няўдала адбівае мяч, які ляціць. Яго на хуткай адвозяць у лякарню. Якраз у гэты час Аляксандраў скончыў гуляць у баскетбол і прыйшоў пахварэць за нас. Прыходзіць — нас няма, а яго самога тэрмінова адпраўляюць на вароты, таму што гуляць больш няма каму. Калі мы пасля гэтага мерапрыемства вярталіся ў Беларусь — у бінтах, гіпсе, падчас пашпартнага кантролю на мяжы памежнікі смяяліся з нас: маўляў, у вас не спартыўнае свята, а Паралімпійскія гульні. З таго часу мы часта тую нашу гульню ўзгадваем.

Андрэй умее будаваць камфортныя адносіны як на прафесійным узроўні, так і на асабістым. Калі з’явілася паведамленне пра яго затрыманне, для ўсіх нас, яго сяброў і знаёмых, гэта стала шокам. Андрэй — сумленны чалавек. І ў плане фінансаў, і ў іншых пытаннях. Ну а абвінавачванні ў “здрадзе дзяржаве” — гэта ўвогуле нейкі сюр. У чым я ўпэўнены на 100%: Андрэй не рабіў нічога, што магло нашкодзіць Беларусі. Ён быў і ёсць прыстойны і годны чалавек.

У сваіх лістах “адтуль” ён расказваў, што шмат чытае, прычым самую розную літаратуру. Пастаянна дзяліўся ўражаннямі. Распавядаў, што, да прыкладу, “Чуму” Альбера Камю раскрыў для сябе зусім з іншага боку. Гаворачы аб прачытаных кнігах, успамінае, як падарожнічаў па Еўропе.

Яшчэ адна яго рыса — не ныць, нават знаходзячыся ў экстрэмальных умовах. У лістах ён больш сцішваў і падтрымліваў тых, хто знаходзіцца на волі, не жалячыся на ўласнае жыццё.

Летась у яго маці быў юбілей, і Андрэй прасіў мяне абавязкова патэлефанаваць ёй і павіншаваць: не быў упэўнены, што яго віншаванні дойдуць. Ён вельмі хвалюецца за бацькоў і сваю дзяўчыну Ірыну Злобіну…

Ірына Злобіна: Усё вакол нас будзе садам

Аб сяброўцы Андрэя Аляксандрава Ірыне Злобінай вядома мала. Ён не лічыў карэктным каментаваць сваё асабістае жыццё.

— Мы вучыліся з Ірай у адным класе — гэта значыць, я даўнавата ведаю яе як бясконца добрага і чуллівага чалавека, а яшчэ яна неверагодна разумная і красуня. Вось гэта павезла людзям у адной з ёй камеры, так? Дагэтуль не магу паверыць, што ёй даводзіцца праводзіць там час вось ужо амаль 17 месяцаў, — кажа сяброўка Ірыны Злобінай Яна.

Іра не вельмі любіць публічнасць — мне здаецца, таму пра яе так мала ведаюць. У яе вельмі доўга быў кветкавы бізнэс: яна адкрыла спачатку анлайн-краму, а потым дадала да яго прыгожае памяшканне на Кастрычніцкай, дзе было шмат не толькі кветак, але і раслін — і проста нават вітрына ўпрыгожвала горад. Ірачцы вельмі важна было ўсё пра прыгажосць. У нейкі момант яна ад крамы стамілася і вырашыла знайсці новую справу, якая дазволіла б ёй не залежаць ад канкрэтнай лакацыі. І тады яна перавучылася на UX-дызайнера і вельмі паспяхова пачала развіваць сваю кар’еру. Гэта, увогуле, таксама пра тое, каб зрабіць хораша і зручна. Проста гэта ў віртуальным свеце — і з любой кропкі свету. Вельмі хочацца, каб яна хутчэй выйшла і мы змаглі гэтыя любыя кропкі свету ёй хутчэй паказваць — хоць мне здаецца, што яна тут жа паедзе да бацькоў на дачу і будзе бавіць час з імі, а не ў падарожжах.

У апошнія месяцы нам амаль не даходзяць лісты ад Ірачкі — і нашы да яе не даходзяць таксама, тым больш каштоўная нядаўняя гісторыя, якая з замка ўсё ж прарвалася.

Яны з суседкамі нейкім чынам прагадавалі костачкі яблыкаў, якія мы рэгулярна перадаем — і нават пасадзілі іх у шчылінах па шпацырных дварах. Дзве пакінулі ў камеры і назіралі, як яны растуць — кажуць, адна была тонкая і з лісцікамі, а другая, маленькая і тоўсценькая, доўга збіралася з думкамі, але ўсё ж таксама выпусціла лісцікі сабе пад постаць. А яшчэ нядаўна атрымалі ад Іры параду: кажа, усе павінны прачытаць “Бязсуцешных” Кадзуо Ісігура — вось, чытаем усе якраз.

“Сяброўка, вельмі-вельмі чакаю ўсё наша будучае жыццё. Усё вакол нас будзе садам”, — напісала Ірына ў адным з лістоў Яне.

Ірына Леўшына: Перажываю і адначасова веру ў кожнага

Галоўны рэдактар і дырэктар БелаПАН Ірына Леўшына ў БелаПАН даўжэй за ўсіх. Калі прыняць 30 гадоў, што прапрацавала кампанія, за 100, то ў Леўшынай — 97,4. За вочы яе называлі “горам і сумленнем БелаПАН”. Ну а “у вочы” — і спрачаліся, і лаяліся, але заўсёды прыходзілі да агульнага правільнага рашэння. А яшчэ яна гарой стаяла за кожнага супрацоўніка.

“БелаПАН сапраўды стаў справай майго жыцця, як бы пафасна гэта ні гучала”, — зазначыла Леўшына ў адным з інтэрв’ю.

Здаецца, ёй тройчы прапаноўвалі з’ехаць — ужо калі разграмілі tut.by. Але яна рашуча перарывала ўсе размовы аб эміграцыі: “Калі трэба, адсяджу”. У 2018 годзе Ірына ўжо сядзела — трое сутак па “справе БелТА”. Па “справе БелаПАН” сядзенне зацягнулася…

Нязломны характар Леўшына працягвае выяўляць у лістах, якія завяршае абавязковым сонейкам, якое смяецца:

“Журыцца — непрадуктыўна. Таму будзем жыць па магчымасці цікава, паўнавартасна і абавязкова з надзеяй”.

“Чытаю Салжаніцына, літаральна кожнае слова глытаецца! Такія кнігі тут некаторыя чытаць не могуць — гавораць, што ўпадаюць у дэпрэсію. Мне яны, наадварот, надаюць сіл”.

“За мяне не хвалюйцеся, я ў поўным парадку. Не хварэю, не скісаю — наадварот, мабілізавалася перад “фінішнай прамой”.

“Усім прывітанне і мае найдалікатнейшыя абдымкі. Перажываю за вас і адначасова — веру ў кожнага”.

Чытанне ж сваёй крымінальнай справы Леўшына назвала “заняткам найцікавейшым”.

Дзмітры Наважылаў: З Божай дапамогай я ў парадку

Неўзабаве пасля арышту на пытанне, ці варта выпісаць Дзмітру ў СІЗА якую-небудзь газету, адзін з яго найбліжэйшых сваякоў адказаў: “Ці наўрад ён газеты будзе чытаць. У яго ёсць біблія, малітваслоў і Чэхаў”.

— У рэдакцыі нямногія ведалі, што Дзіма — глыбокі вернік, — кажа адзін з былых супрацоўнікаў БелаПАН. — Ён ніколі не выстаўляў напаказ сваю рэлігійнасць. Яго запомнілі як тонкага, інтэлігентнага чалавека, з фантастычным асацыятыўным мысленнем і ўменнем бачыць у падзеях драбнюткія нюансы, якія дазваляюць прагназаваць іх далейшы ход. За тры гады, што Дзіма быў дырэктарам, ён, здаецца, толькі адзін раз вылаяўся. Яму не пасавалі хамства, лаянка, некампетэнтнасць. Да БелаПАН Наважылаў доўга працаваў у мінскім карпункце першага расійскага канала, але ў рэшце рэшт яму там стала душна, і ён прыйшоў да нас. Да таго ён часта зазіраў да Алеся Ліпая на агеньчык і стаў родным яшчэ да пераходу да нас.

У лістах Дзіма часта гаворыць пра бога, відаць, што вера вельмі дапамагае яму. А яшчэ ён працягвае ўважліва сачыць за сваім улюбёным “Ліверпулем”. Дарэчы, гэты клуб — іх агульны з Аляксандравым інтарэс. Нядзіўна, што ў лістах Наважылава рэлігія суседнічае з футболам. Вось, напрыклад: “З Божай дапамогай я ў парадку. Адчуваю сябе норм. Духам стараюся не падаць. Дзякуй Богу за ўсё!!! Дзякуй за лісточак Ліверпульскіх навін. Там ёсць вынікі, якіх я не ведаў”.

Уладзімір Някляеў: У мяне няма надзеі на справядлівы прысуд

Вядомы літаратар Уладзімір Някляеў часта заходзіў у БелаПАН да свайго сябра і сабрата па пяры Алеся Ліпая. Крымінальную справу супраць стварэння Алеся ён успрыняў блізка да сэрца:

— Цяжка нешта дадаць да таго, што ўжо напісана і сказана пра арышты ні ў чым не вінаватых людзей. Вядома, што да тых, хто прамаўляе праўду, у Беларусі асаблівая ўвага. І ў кожным разе гэта чалавечая драма. Бо ўва ўсіх сем’і, дзеці. Ува ўсіх нейкія планы на жыццё. Але вось нехта вырашыў, што можна гэтыя планы скарэктаваць.

Канешне, я ведаю тую ж Ірыну Леўшыну, хай і неблізка, яна публічная асоба. Размаўляў з людзьмі, якія ўважліва сочаць за гэтай справай — як і за іншымі працэсамі над журналістамі. Яны кожны раз мне казалі, што вось цяпер, гэтым разам, у выраку суда абавязкова павінна быць нейкая справядлівасць. Маўляў, хопіць ужо.

Так, гэта надзея, але ў мяне надзей [на справядлівы прысуд], на жаль, няма. Як і асаблівых спадзеваў, што неўзабаве ў цэлым сітуацыя [ў Беларусі] можа выправіцца.

БАЖ: Ніякіх пазітыўных чаканняў няма

— Ніякіх пазітыўных чаканняў ад працэсаў над журналістамі ў нас няма, таму што ў Беларусі на дадзены момант няма ніякага суда, — кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (дэ-юрэ ліквідаваная ўладамі) Барыс Гарэцкі. — “Справа БелаПАН” абсалютна палітычна матываваная, як і ўсе працэсы над палітычнымі зняволенымі, як і ўсе працэсы над журналістамі. У нас на дадзены момант пяць галоўных рэдактараў знаходзяцца за кратамі. То бок, гэта абсалютна планамерны ціск на медыя, абсалютна планамернае знішчэнне рэдакцый і канкрэтных людзей, якія ўзяты ў закладнікі.

Абсурдная сітуацыя, калі інфармацыйнае агенцтва, якое не закрыта, не пазбаўлена свайго статусу, калі людзі, якія афіцыйна працуюць у гэтым інфармацыйным агенцтве, раптам прызнаюцца ўдзельнікамі “экстрэмісцкага фармавання”. Гэтае новае слова ў расправе над журналістамі. Улада проста адкрыта паказвае, што яе дзеянні скіраваны на знішчэнне журналістаў і цэлых рэдакцый. “Экстрэмісцкімі фарміраваннямі” напрамую прызнаюцца прафесійныя медыя. З БелаПАН гэта ўсё і пачалося летась у лістападзе. І зараз фактычна ідзе расправа за тое, што людзі выконвалі сваю прафесійную працу.

Цікава, дарэчы, як сабрана гэтая справа. Фактычна Андрэй Аляксандраў ужо не працаваў у БелаПАН на момант затрымання, і тым больш там не працавала ягоная дзяўчына. Да гэтай жа справы цікавым чынам “прыкручаныя” Ірына Леўшына, галоўны рэдактар і дырэктар на момант затрымання, і былы дырэктар Дзмітрый Наважылаў. Такое адчуванне, што гэтых людзей аб’ядналі ў адну справу проста таму, што яны разам працавалі ці знаёмыя адзін з адным, ці ў іх было шмат сумесных тэлефонных званкоў ці сяброў. Дзеянні ўлады закліканы запалохаць усіх, хто займаецца журналістыкай у Беларусі, і паказаць, што любыя спробы гэта рабіць прывядуць да пасадкі на тур. І ўвогуле ўсё, што ўлада робіць апошнія два гады, — гэта знішчэнне веры ў людзей, веры ў перамены, веры ў тое, што Беларусь можа вярнуцца на еўрапейскі шлях.

Выдатных, адукаваных інтэлектуалаў улада называе крымінальнікамі. І гэта не проста там нейкія 15 сутак і нават не два-тры гады, а вельмі сур’ёзныя паводле тэрмінаў артыкулы. Ня кожны чалавек здольны прасядзець у турме такі тэрмін.

Падзяліцца: