be
Arrow
Мінск 17:06

Еўрапейскія праваабаронцы заклікалі ганаровых консулаў Беларусі ў Швейцарыі і Ліхтэнштэйне пайсці ў адстаўку

29 жніўня, BPN. Ганаровым консулам Беларусі ў Швейцарыі і Ліхтэнштэйне варта пайсці ў адстаўку і перастаць прадстаўляць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведны заклік утрымліваецца ў адкрытым лісце дванаццаці еўрапейскіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, напісаным па ініцыятыве нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыі Libereco.

У дакуменце адзначаецца, што ганаровыя консулы ў Швейцарыі Герман Аляксандр Байелер і Андрэй Нажэскін, а таксама ганаровы консул у Ліхтэнштэйне Цімаці фон Ландскрон, працягваючы ажыццяўляць свае паўнамоцтвы, падтрымліваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі і тым самым “узаконьваюць яго дзеянні”.

Праваабаронцы падкрэслілі, што Лукашэнка “нясе адказнасць за тысячы парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і падтрымлівае агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны, якая парушае міжнароднае права і прывяла да гібелі дзясяткаў тысяч чалавек”.

Менавіта Лукашэнка, адзначылі яны, “дазволіў расійскім войскам уварвацца ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, і да гэтага часу Украіна рэгулярна падвяргаецца абстрэлам ракетамі, запушчанымі ў Беларусі”.

“Той факт, што тры джэнтльмены працягваюць служыць крымінальнай дыктатуры, абуральны, — заявіў прэзідэнт Libereco Ларс Бюнгер. — Нягледзячы на ўсе злачынствы (Лукашэнкі. — BPN.), яны працягваюць чапляцца за свае пасады, што я самым рашучым чынам асуджаю. На руках трох ганаровых консулаў кроў рэжыму Лукашэнкі, які прымяняе катаванні. Тры ганаровыя консулы павінны вырашыць, лічаць яны сябе дэмакратамі або паслугачамі жорсткага дыктатара”.

Пасля пачатку вайны ва Ўкраіне сышлі ў адстаўку двое з чатырох ганаровых консулаў Беларусі ў Германіі. Акрамя таго, ганаровы консул Беларусі ў Львове Ігар Дроцік 26 лютага падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць саўдзелу Беларусі ў расійскай агрэсіі ў адносінах да Украіны. Пазней Кіеў адклікаў дазвол на выкананне функцый ганаровага консула Беларусі ў Львове.

Паводле звестак Міністэрства замежных спраў, у красавіку ганаровыя консулы Беларусі працавалі ў 63 краінах, у тым ліку Вялікабрытаніі, Германіі, Чэхіі, Ізраіле, Японіі.

Ганаровы консул абараняе ў сваёй консульскай акрузе правы і інтарэсы Беларусі, яе юрыдычных асоб і грамадзян, садзейнічае развіццю эканамічных, гандлёвых, навуковых, культурных і іншых сувязей Беларусі з дзяржавай знаходжання.

Падзяліцца: