Мінск 02:54

Урад зацвердзіў парадак перадачы інфармацыі пра пагрозы на транспарце, у тым ліку дыверсіі

14 кастрычніка, Позірк. Інструкцыя “аб парадку інфармавання пра пагрозы здзяйснення і пра здзяйсненне актаў незаконнага ўмяшання на аб’ектах транспартнай інфраструктуры і транспартных сродках” зацверджана пастановай Савета міністраў № 665 ад 9 кастрычніка.

Дакумент, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 14 кастрычніка, тычыцца ўсіх “перавозчыкаў і суб’екты транспартнай інфраструктуры”, акрамя тых, што звязаныя з грамадзянскай авіяцыяй.

Інструкцыя загадвае ім паведамляць пра пагрозу або здзяйсненне выбуху, абстрэлу, падпалу, затаплення, размяшчэння выбухоўкі, паразы небяспечнымі рэчывамі, захопу або забойства закладнікаў, пашкоджання інфармацыйных сістэм і сістэм кіравання, а таксама пра пагрозу або стварэнне ўмоў для аварый і катастроф тэхнагеннага характару, небяспечнай перашкоды руху транспарту, крадзяжу маёмасці, які прывёў да пашкоджання або блакавання шляхоў, гібелі або траўмавання людзей.

Інфармацыю пра гэта належыць неадкладна зафіксаваць і любым даступным спосабам перадаць у Транспартную інспекцыю Міністэрства транспарта і камунікацый. У сваю чаргу інспекцыя абавязана аператыўна накіраваць атрыманыя звесткі ў міністэрства, дзяжурныя службы МУС і Камітэт дзяржбяспекі.

Пастанова з інструкцыяй набудзе моц праз тры месяцы.

Адметна, што за некалькі дзён да прыняцця гэтага дакумента, 5 кастрычніка, у раёне чыгуначнай станцыі Азярышча на ўсходзе Мінска, верагодна, адбыўся выбух. Паводле інфармацыі “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”, былі нязначна пашкоджаныя інжынерныя збудаванні, якія “перыядычна задзейнічаюцца для выканання пагрузачна-разгрузачных аперацый з вайсковай тэхнікай”. Факт здарэння са спасылкай на ўласныя крыніцы пацвердзіў кіраўнік аб’яднання былых сілавікоў ByPol, каардынатар плана “Перамога” Аляксандр Азараў.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская выказала меркаванне, што выбух мог быць справай рук “рэйкавых партызан”. “Такія дыверсіі адбываліся рэгулярна з моманту пачатку поўнамаштабнага ўварвання [Расіі ва Украіну]. Гэта паказвае, што беларусы не здаліся”, — напісала палітык у “Твітары”.

У СМІ з’явілася інфармацыя пра ўзмацненне аховы чыгункі. Улады на сітуацыю публічна не адрэагавалі.

Падзяліцца: