Мінск 11:48

Канада ўводзіць дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

9 жніўня, Позірк. Канада “ў адказ на працяг грубых і сістэматычных парушэнняў правоў чалавека, якія адбываюцца ў Беларусі” пашырыла санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе МЗС гэтай краіны.

Санкцыі супраць 9 фізічных і 7 юрыдычных асоб уводзяцца таксама супраць тых, хто мае дачыненне да “працягу парушэнняў Расіяй суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, часткова праз Беларусь і пры падтрымцы Беларусі”.

Пад санкцыі патрапілі чыноўнікі, суддзі і прапагандысты, у тым ліку кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. Пашырэнне санкцый таксама “накіравана на Міністэрства абароны Беларусі, унутраныя войскі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, а таксама ваенна-вытворчыя і тэхналагічныя кампаніі”.

Канада “самым рашучым чынам” асуджае падтрымку беларускім рэжымам уварвання Уладзіміра Пуціна ва Украіну. “Мы заклікаем Лукашэнку неадкладна адмовіцца ад падтрымкі агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны”, — падкрэсліваецца ў заяве.

“Сённяшнія санкцыі ўводзяцца паралельна з аналагічнымі дзеяннямі саюзнікаў, у тым ліку Еўрапейскага саюза, ЗША, Вялікабрытаніі і Новай Зеландыі. Канада будзе працягваць працаваць са сваімі партнёрамі, каб галасы народа Беларусі былі пачутыя”, — падкрэсліў МЗС Канады.

9 жніўня ЗША пашырылі санкцыі супраць беларускага рэжыму “ў сувязі з трэцяй гадавінай сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года”. У санкцыйны спіс унесены авіякампанія “Белавія”, Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю (ДФР КДК), Беларускі металургічны завод (БМЗ), ТАА “БелКапСтыл” (амерыканскі дылер БМЗ), Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі.

Увайшлі ў спіс фізічныя асобы: сыны і жонка бізнесмена Аляксея Алексіна Дзмітрый, Віталь і Іна, а таксама дырэктар ДФР КДК Ігар Маршалаў, яго намеснікі Дзмітрый Францкевіч, Ігар Сяліцкі, старшы інспектар па асабліва важных справах ДФР Арцём Дунько. Акрамя таго, санкцыі ўведзены супраць гендырэктара БМЗ Дзмітрыя Корчыка.

Падзяліцца: