Мінск 05:40

Швецыя адмовіла ў палітычным прытулку аператару Ціханоўскага Сярогіну, ён баіцца дэпартацыі — “Вясна”

Фота: "Магілёўская Вясна"

30 снежня, Позірк. Швецыя адмовілася даць палітычны прытулак аператару некалі папулярнага відэаблогера, а цяпер палітвязня Сяргея Ціханоўскага Канстанціну Сярогіну, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

“Гэта самае жудаснае, што я мог ад іх пачуць. Я вельмі гэтым узрушаны. — цытуе мужчыну арганізацыя. — І гэта пасля больш 22 гадзін інтэрв’ю і масы прадстаўленых доказаў з майго боку. Справу яны пачалі разглядаць 4 снежня, і па сутнасці яны прынялі рашэнне за 2 тыдні па такім вялізным і аб’ёмным кейсу. Цяпер мяне і сям’ю хочуць адправіць у Беларусь”.

Сілавікі забралі Сярогіна са здымнай кватэры разам з іншым удзельнікам ютуб-праекта “Краіна для жыцця” Арцёмам Сакавым праз некалькі дзён пасля пікету 29 траўня 2020 года ў Гродне, на якім быў затрыманы Ціханоўскі і частка яго каманды. Сярогіну, у адрозненне ад Сакава, пазней прыгаворанага да 16 гадоў зняволення, удалося пазбегнуць крымінальнага пераследу — яго адпусцілі з міліцэйскага ўчастка ў дзень затрымання. Да кастрычніка 2021 года ён патаемна жыў у Беларусі, а пасля пакінуў краіну і праз некаторы час разам з сям’ёй апынуўся ў Швецыі, дзе папрасіў даць яму палітычны прытулак.

Беларусам, якія пакінулі радзіму з боязі зазнаць крымінальны пераслед з палітычных матываў, практычна немагчыма атрымаць прытулак у Швецыі. Міністр замежных спраў гэтай краіны Тобіяс Більстром на сумеснай прэс-канферэнцыі з жонкай Ціханоўскага, дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай 6 лістапада ў Вільнюсе не змог адказаць на пытанне “Позірку”, чаму справы ідуць такім чынам.

“Я быў міністрам міграцыі, таму тэма мне блізкая. Важна памятаць, што ў Швецыі міністры не маюць права казаць нешта пра індывідуальныя выпадкі. Палітыка міграцыі знаходзіцца ў кампетэнцыі Шведскага міграцыйнага агенцтва — гэта незалежны орган, які працуе незалежна ад урада. Ён прымае рашэнні, якія пацвярджаюцца судом”, — сказаў ён.

Падзяліцца: