Мінск 04:56

Грамадзяне Беларусі змогуць знаходзіцца ў Нікарагуа без візы да 90 дзён на год

Манагуа, сталіца Нікарагуа
Фота: pexels.com / Roberto Zuniga

6 студзеня, Позірк. Грамадзяне Беларусі ў Нікарагуа, роўна як і наадварот, змогуць знаходзіцца без візы да 90 дзён на год, вынікае з тэксту міжурадавага пагаднення аб узаемным скасаванні візавых патрабаванняў, апублікаванага 6 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале пасля праходжання ўнутрыдзяржаўных працэдур.

Для больш працяглага знаходжання ў краінах адзін аднаго беларусам і нікарагуанцам неабходныя дазвольныя дакументы.

Магчымасць падоўжыць тэрмін бязвізавага знаходжання маюць толькі асобы, якія не могуць пакінуць тэрыторыю іншай дзяржавы праз пацверджаных непрадбачаныя абставіны. Пры гэтым ліміт можа быць перавышаны толькі на час, неабходны для вяртання.

Пагадненне было падпісана ў ліпені 2023 года з жадання ўладаў Беларусі і Нікарагуа “развіваць і паглыбляць стасункі дружбы і супрацоўніцтва”. Бакі палічылі спрашчэнне візавага рэжыму “важным інструментам паглыблення сувязей і стымулявання далейшага развіцця двухбаковых стасункаў ва ўсіх сферах”.

Мінск і Манагуа падзяляе каля 10,5 тыс. кіламетраў. Дабрацца да Нікарагуа наўпрост з Беларусі, як і з Расіі, немагчыма. Паводле даных сэрвісаў па падборы авіябілетаў, найбольш аптымальныя маршруты: Мінск — Кутаісі — Мадрыд — Маямі — Манагуа (амаль 54 гадзіны ў дарозе) альбо Вільнюс — Осла — Маямі — Манагуа (каля 19 гадзіны шляху без уліку часу даезду да літоўскай сталіцы).

Нікарагуа з’яўляецца адной з краін, якія не падтрымліваюць рэзалюцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, супраць якіх галасуе Беларусь. Напрыклад, летась абедзве дзяржавы адмовіліся падтрымаць дакумент Генеральнай асамблеі аб супрацоўніцтве паміж ААН і Саветам Еўропы, які ўтрымлівае жорсткія фармулёўкі ў дачыненні да Расіі ў сувязі з яе ўварваннем ва Украіну (26 красавіка), а таксама рэзалюцыю аб сітуацыі з правамі чалавека на часова акупаваных тэрыторыях Украіны (19 снежня).

Тавараабарот паміж Манагуа і Мінскам настолькі малы, што амбасада Беларусі ў Рэспубліцы Куба (па сумяшчальніцтве адказвае за стасункі з Нікарагуа) не прыводзіць ніякіх лічбаў. Схематычны графік на сайце дыпмісіі дае зразумець, што аб’ём гандлю паміж дзвюма краінамі з 2017 года пераважна падаў, склаўшыся ў 2021 годзе прыкладна на ўзроўні 1,2 млн долараў (большая частка прыпадае на беларускі экспарт).

Падзяліцца: