Мінск 00:08

Відэаназіранне ў грузавых і пасажырскіх цягніках стане абавязковым

Фота: БЧ

16 лютага, Позірк. Відэаназіранне ў грузавых і пасажырскіх цягніках стане абавязковым, вынікае з пастановы Савета міністраў № 100 ад 14 лютага “Аб патрабаваннях па ажыццяўленні транспартнай бяспекі”.

Згодна з дакументам, апублікаваным 16 лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, камеры павінны быць усталяваныя ўнутры кабін лакаматываў, у вагонах рухомага саставу, у прыватнасці ў салонах і тамбурах пасажырскіх вагонаў. Відэазапіс належыць захоўваць не менш за 30 сутак.

Перавозчык абавязаны “звяраць інфармацыю пра персанальныя даныя пасажыраў, пазначаныя ў квітках, з данымі ў дакументах”.

Адзначаецца, што ў пасажыраў не павінна быць доступу да “сістэм, агрэгатаў, механізмаў, сродкаў забеспячэння функцыянавання лакаматываў, элементаў кіравання тэхнічнымі сродкамі”.

У ліку патрабаванняў бяспекі на чыгунцы названа “забеспячэнне кантролю за выкананнем правілаў знаходжання і размяшчэння аб’ектаў у зонах павышанай небяспекі на аб’ектах інфраструктуры”. Уладальнікі чыгуначнай інфраструктуры павінны “самастойна і з удзелам органаў унутраных спраў або органаў дзяржаўнай бяспекі” праводзіць вучэнні і трэніроўкі хаця б раз на пяць гадоў.

У пастанове таксама вызначаны пералік рэчываў і прадметаў, якія “забаронена ўносіць на аб’екты інфраструктуры і перавозіць на чыгуначным транспарце”. Сярод іх агнястрэльная зброя любога віду альбо яе імітацыя, газавая, халодная і кідальная зброя, любыя боепрыпасы, аэразольныя балончыкі з рэчывамі раздражняльнага дзеяння, выбуховыя рэчывы або іх імітацыя, інш.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што пастанова прынятая “ў мэтах рэалізацыі пагаднення” паміж урадамі Беларусі і Расіі “аб узаемадзеянні ў галіне ажыццяўлення транспартнай бяспекі” ад 19 лютага 2021 года. Дакумент набудзе моц праз тры месяцы пасля апублікавання.

14 кастрычніка 2023 года Савет міністраў зацвердзіў парадак перадачы інфармацыі пра пагрозы на транспарце, у тым ліку дыверсіі.

Адметна, што за некалькі дзён да прыняцця таго дакумента, 5 кастрычніка, у раёне чыгуначнай станцыі Азярышча на ўсходзе Мінска адбыўся выбух. Паводле інфармацыі “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”, былі нязначна пашкоджаныя інжынерныя збудаванні, якія “перыядычна задзейнічаюцца для выканання пагрузачна-разгрузачных аперацый з вайсковай тэхнікай”. Факт здарэння са спасылкай на ўласныя крыніцы пацвердзіў кіраўнік арганізацыі ByPol, каардынатар плана “Перамога” Аляксандр Азараў.

Неўзабаве ў СМІ з’явілася інфармацыя пра ўзмацненне аховы чыгункі. Улады на сітуацыю публічна не адрэагавалі.

Падзяліцца: