Мінск 02:35

Дзяржпагранкамітэт: За тыдзень Беларусь на падставе бязвізу наведала амаль 6,5 тыс. жыхароў суседніх краін ЕС

Фота: Калінкавіцкія навіны

26 лютага, Позірк. З 19 па 25 лютага Беларусь без віз наведала 6.495 жыхароў суседніх краін Еўрасаюза (на мінулым тыдні — 6.402), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За гэты перыяд у краіну прыбылі 3.876 грамадзян Літвы (4.028), 1.216 грамадзян і 284 неграмадзяніны Латвіі (735 і 297 адпаведна), 1.119 грамадзян Польшчы (975).

Ад пачатку года бязвізам скарысталася 39.125 жыхароў згаданых краін ЕС: 22.686 грамадзян Літвы, 7.540 грамадзян і 1.837 неграмадзян Латвіі, а таксама 7.062 грамадзяніна Польшчы.

З пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму ў Беларусь накіраваўся 839.731 замежнік: 517.897 грамадзян Літвы, 192.341 грамадзянін і 57.952 неграмадзяніны Латвіі, а таксама 71.541 грамадзянін Польшчы.

Бязвіз дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

Улады названых суседніх краін неаднаразова заклікалі суайчыннікаў не наведваць Беларусь з меркаванняў бяспекі.

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас і Цвярачус (з беларускага боку — Лоша і Відзы адпаведна).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Урад Літвы прыняў рашэнне аб закрыцці з 1 сакавіка 2024 года памежных пераходаў Лаварышкес (з беларускага боку Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). Такім чынам, на мяжы з Беларуссю працягнуць працаваць два пункты пропуску з шасці — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Падзяліцца:
be