Мінск 00:47

ЕАЭС трэба “больш пераймаць досвед” у Саюзнай дзяржавы, лічыць Лукашэнка

Фота: МЗС РФ

26 лютага, Позірк. Беларусь і Расія зацікаўленыя ў тым, каб Еўразійскі эканамічны саюз “больш пераймаў досведу ў Саюзнай дзяржавы” заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 лютага ў Мінску на сустрэчы са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжанам Сагінтаевым (былы прэм’ер-міністр і кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Казахстана).

На яго думку, таксама неабходна прыбраць “усялякія бар’еры, якія яшчэ, на жаль, існуюць у нас”. “Нам трэба дамовіцца наконт энергетычных пытанняў, каб былі роўныя магчымасці ў дзяржаў. Трэба адзіныя рынкі газу, нафты. Агульны рынак трэба ствараць. Ад гэтага мы нікуды не ўцячэм. Вы бачыце, як сітуацыя складваецца навокал, і самі абставіны падштурхоўваюць нас да больш шчыльнай супрацы ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Сагінтаеў павіншаваў Лукашэнку з “паспяховым правядзеннем” 25 лютага адзінага дня галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў. Ён звярнуў увагу на “высокую яўку выбаршчыкаў падчас датэрміновага галасавання”, якая, на думку еўразійскага чыноўніка, з’яўляецца “вынікам той працы, якая праводзілася”.

Сагінтаеў уступіў на пасаду старшыні Калегіі ЕЭК 1 лютага 2024 года, змяніўшы прадстаўніка Беларусі Міхаіла Мясніковіча. Згодна з дагаворам аб ЕАЭС, чыноўнікаў на гэтую пасаду на 4-гадовы перыяд прызначае Вышэйшы савет арганізацыі на ратацыйнай аснове.

Падзяліцца:
be