Мінск 01:03

У Беларусі пачалося “акуратнае абнаўленне палітычнай сістэмы”, сцвярджае Лукашэнка

Скрыншот: відэазапіс з неафіцыйнага тэлеграм-канала прэс-службы Лукашэнкі

26 лютага, Позірк. У Беларусі пачалося “акуратнае абнаўленне палітычнай сістэмы <…> эвалюцыйным чынам”, звязанае са зменай “пакалення палітыкаў”, якая цяпер адбываецца, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 лютага ў Мінску на сустрэчы са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжанам Сагінтаевым.

Лукашэнка, якога цытуе яго прэс-служба, назваў выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў, што прайшлі напярэдадні, “асабліва важнымі”, паколькі яны з’яўляюцца “асновай фармавання Усебеларускага народнага сходу” — органа, які “ў Беларусі атрымаў канстытуцыйны статус”.

Адзіны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў прайшоў 25 лютага. Электаральная кампанія вялася на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У ёй удзельнічалі выключна прыхільнікі Лукашэнкі.

Каля дзвюх трацін дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання — 70 са 110 — з’яўляюцца членамі праўладных палітычных партый, якія засталіся ў Беларусі, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз папярэдніх вынікаў адзінага дня галасавання 25 лютага.

Аб непрызнанні выбараў заявіў Дзяржаўны дэпартамент ЗША, з адпаведным заклікам выступіла парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны.

Першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу (УНС) у новым статусе павінна адбыцца на працягу 60 дзён пасля парламенцкіх выбараў (паводле інфармацыі дзеючага старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі — “недзе з 19 па 26 красавіка”, кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава заяўляла пра 25 красавіка). Вылучэнне кандыдатаў ва УНС пройдзе 12–31 сакавіка.

Падзяліцца:
be