Мінск 10:46

Кіраўнікі ЦВК і місіі СНД раскрытыкавалі рэакцыю ЗША на выбары ў Беларусі

Ігар Карпенка галасуе датэрмінова (Мінск, 22 лютага)
Фота: ЦВК

26 лютага, Позірк. Заявы Захаду аб выбарах у Беларусі “вельмі ўжо падобныя на старыя шарпаўскія* метадычкі”, заявіў 26 лютага старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка на прэс-канферэнцыі аб папярэдніх выніках выбараў.

Ён адзначыў, што ЦВК Беларусі “трэба сапраўды гэтак жа рэагаваць на іх выбары”: “Мы, напэўна, возьмем гэта на заметку. Не чакаючы вынікаў, нейкіх ацэнак міжнародных экспертаў, нацыянальных назіральнікаў, будзем даваць ацэнку іх выбарам. Хай гэта будзе на іх сумленні, па сутнасці справы”.

Карпенка сцвярджае, што пры правядзенні выбараў кіраваліся Канстытуцыяй і айчынным заканадаўствам.

Сяргей Лебедзеў
Фота: president.gov.by

Назіральнікі ад СНД не выявілі парушэнняў падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, заявіў на прэс-канферэнцыі генеральны сакратар Садружнасці, кіраўнік місіі назіральнікаў ад СНД Сяргей Лебедзеў.

Негатыўную ацэнку выбараў Дзярждэпартаментам ЗША ён назваў “поўнай лухтой”. “Думаю, мае калегі пацвердзяць: мы наведалі агулам 1.819 участкаў. Нідзе мы не ўбачылі атмасферу страху. Наадварот, атмасфера свята. Людзі прыходзілі з дзецьмі, гучала музыка, працавалі буфеты. Якая атмасфера страху? Нельга ж так хлусіць беспардонна”.

Лебедзеў абурыўся тым, што менавіта Злучаныя Штаты крытыкуюць выбары ў Беларусі, у той час як “напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у ЗША адбываецца паліванне брудам і бруднае проціборства паміж прыхільнікамі Байдэна і Трампа”.

Ён адзначыў, што ў краіне працавала 250 назіральнікаў ад СНД: “У нас не стаяла задача знайсці нейкія недахопы, парушэнні, а потым спрабаваць крытыкаваць гаспадароў гэтага дома і папракаць у незахаванні нейкіх дэмакратычных нормаў, у адсутнасці канкурэнтнасці, у выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу, як даволі часта нас абвінавачваюць”, — заявіў Лебедзеў.

Адзіны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў прайшоў 25 лютага. Электаральная кампанія вялася на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У ёй удзельнічалі выключна прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Аб непрызнанні выбараў заявіў Дзяржаўны дэпартамент ЗША (“Выбары адбыліся ў атмасферы страху, у якой ні адну выбарчую працэдуру нельга было назваць дэмакратычнай”), з адпаведным заклікам выступіла парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны. Выбарны працэс раскрытыкавалі МЗС Аўстрыі, Швецыі, Германіі, група “Дэмакратычная Беларусь” у Бундэстагу, Пардаменцкая асамблея Савета Еўропы.

* Джын Шарп — аўтар кнігі “Палітыка негвалтоўных дзеянняў” (ЗША, 1973 год), у якой утрымліваюцца распрацаваныя ім “198 метадаў негвалтоўных дзеянняў”.

Падзяліцца:
be