Мінск 23:22

Праект “Палітвязынка” паведаміў пра “добрыя навіны” з жаночай калоніі, пакуль без дэталяў

3 ліпеня, Позірк. “Добрыя навіны паступаюць з жаночай калоніі”, — паведамляе праект па аказанні дапамогі беларускім жанчынам-палітвязням “Палітвязынка”.

“Чакаем фота на волі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падрабязнасцяў пакуль няма.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых апанентаў улады.

“Мы людзі і павінны дзейнічаць па-людску, — заявіў ён на ўрачыстым сходзе да Дня незалежнасці. — Не дзіўцеся, калі праз некалькі дзён на волю выйдуць вельмі цяжкахворыя (як пра іх пішуць) нашы, якія не паспелі збегчы і знаходзяцца ў месцах не такіх далёкіх, якія ламалі, крышылі краіну ў 2020 годзе. Гэта сапраўды цяжка хворыя, у асноўным з ракавымі захворваннямі”.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заклікала безумоўна вызваліць больш за 200 палітвязняў, якія знаходзяцца ў крытычным стане.

13 чэрвеня на слуханнях Камісіі ЗША па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкская камісія) яна паведаміла пра падрыхтаваны дэмсіламі “гуманітарны спіс” палітвязняў, якія мусяць быць неадкладна вызваленыя. У яго ўвайшло 16 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, 91 — з цяжкімі захворваннямі, 65 пенсіянераў, 10 чалавек з псіхічнымі разладамі, 23 непаўналетнія, а таксама не менш за пяць сем’яў, у якіх абодва бацькоў знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.

Падзяліцца:
be