Мінск 02:26

Міжнародныя судовыя органы неэфектыўна працуюць па злачынствах рэжыму Лукашэнкі — Ціханоўская (абноўлена)

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

26 лютага, Позірк. Міжнародныя судовыя органы на сёння не дэманструюць эфектыўнай працы па расследаванні злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы на мерапрыемстве высокага ўзроўню “У абарону грамадзянскай прасторы і дэмакратыі, падтрымліваючы працу праваабаронцаў” на палях 55-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ ААН), якая адкрылася 26 лютага ў Жэневе.

Палітык распавяла таксама пра рэпрэсіі ў Беларусі, грубыя парушэнні правоў палітвязняў, асобна спыніўшыся на пераследзе праваабаронцаў.

Мерапрыемства высокага ўзроўню арганізавана пастаянным прадстаўніцтвам Фінляндыі пры аддзяленні ААН у Жэневе і Міжнародным таварыствам абароны правоў чалавека пры падтрымцы прадстаўніцтваў Албаніі, Калумбіі, Нарвегіі і ЗША.

Паводле інфармацыі галоўнага дарадцы Ціханоўскай Франака Вячоркі, яно сабрала звыш 130 удзельнікаў з больш як 50 краін. Афіцыйныя дэлегацыі Беларусі і Расіі не прысутнічалі.

Візіт Ціханоўскай у Жэневу для ўдзелу ў мерапрыемствах сесіі СПЧ ААН праходзіць 26—28 лютага.

19 сакавіка на сесіі СПЧ будзе разгледжана сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Плануецца, што з дакладам “Становішча з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх” выступіць вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк.

13 ліпеня 2023 года СПЧ ААН прыняў рэзалюцыю, якая падаўжае мандат спецдакладчыка па Беларусі Анаіс Марэн і змяшчае шэраг заклікаў да беларускіх уладаў аб узаемадзеянні з міжнароднай супольнасцю, адмене дыскрымінацыйнага заканадаўства, вызваленні “без усялякіх умоў усіх асоб, адвольна або незаконна затрыманых”.

Савет па правах чалавека ААН — міжнародны праваабарончы орган у сістэме ААН, які замяніў Камісію па правах чалавека. З’яўляецца дапаможным органам Генеральнай асамблеі ААН. У савет уваходзяць прадстаўнікі 47 дзяржаў.

Абнаўленне.

Ціханоўская на сустрэчы звярнула ўвагу на штодзённыя затрыманні ў Беларусі, смерці палітвязняў, удакладніла яе прэс-служба.

“Краіны, якія змагаюцца за дэмакратыю, і краіны, якія жывуць з дэмакратыяй – гэта як два розныя светы. У дэмакратычных краінах барацьба за яе часта рамантызуецца. Але гэтая барацьба аплачваецца болем і слязамі”, — сказала палітык.

“Калі вы хочаце абараніць дэмакратыю, вы павінны дапамагаць тым, хто змагаецца за яе. Бо гэта не лакальная, а глабальная барацьба. Я веру, што дэмакратычны свет пакажа дыктатарам, што яны не перамогуць”, — сказала яна.

Падзяліцца:
be