Мінск 11:02

МЗС Польшчы назвала выбары 25 лютага ў Беларусі “чарговай спробай стварыць альтэрнатыўную рэальнасць”

Фота: МЗС Польшчы

27 лютага, Позірк. “Галасаванне, арганізаванае <…> уладамі ў Мінску, стала чарговай спробай стварыць альтэрнатыўную рэальнасць, паглыбіць унутраны крызіс і захаваць уладу любой цаной за кошт уласнага грамадства”, гаворыцца заяве МЗС Польшчы па выніках парламенцкіх і мясцовых выбараў у Беларусі.

Польскае знешнепалітычнае ведамства “рашуча асудзіла” правядзенне выбараў “ва ўмовах крайняга невыканання дэмакратычных працэдур”.

У МЗС Польшчы “расчараваныя рашэннем Мінска ператварыць нядзельныя выбары ў фарс і пародыю на дэмакратыю і выкарыстаць іх для прасоўвання згубнай палітыкі падпарадкавання беларускага народа волі вузкай групы ўлады”.

“Недапушчэнне незалежных груп да ўдзелу ў выбарах, ігнараванне сваіх міжнародных абавязацельстваў шляхам незапрашэння назіральнікаў ад БДІПЧ, а таксама рэзкае ўзмацненне рэпрэсій, якія суправаджалі выбарчую кампанію, у выніку чаго загінуў пяты палітвязень, ясна паказваюць, што беларускія ўлады ні ў найменшай ступені зацікаўлены ў працы над паляпшэннем сітуацыі, а неаднаразовыя ў апошнія месяцы заявы пра гатоўнасць да дыялогу застаюцца толькі пустымі лозунгамі”, — гаворыцца ў заяве.

Беларусь, канстатавалі дыпламаты, “па-ранейшаму застаецца вельмі несяброўскай краінай для саміх беларусаў”. Адзначаецца, што ў беларускіх калоніях “па-ранейшаму ўтрымліваецца некалькі тысяч палітычных апанентаў улады”, у тым ліку “прадстаўнікі польскай нацыянальнай меншасці”.

“У палітычных працэсах паводле абсурдных абвінавачванняў за найменшую праяву незалежнасці, у тым ліку за крытыку ўлады, прызначаюцца працяглыя турэмныя тэрміны. Зняволеныя пазбаўленыя асноўных правоў, утрымліваюцца ў цяжкіх умовах і падвяргаюцца бесчалавечнаму і прыніжаючаму годнасць абыходжанню”, — адзначана ў заяве.

Польшча “пастаянна заклікае” ўлады ў Мінску “выконваць свае міжнародныя абавязацельствы, вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў, а таксама правесці маштабную ўнутраную інстытуцыйную рэформу”, якая ператворыць Беларусь “у свабодную, дэмакратычную і адказную еўрапейскую дзяржаву, што паважае правы і клапоціцца пра сваіх грамадзян”.

Адзіны дзень галасавання 25 лютага і электаральная кампанія ў цэлым прайшлі на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У дэпутаты былі вылучаныя выключна прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Пра непрызнанне выбараў заявіў Дзяржаўны дэпартамент ЗША, з адпаведным заклікам выступіла парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны. Выбары раскрытыкавалі знешнепалітычныя ведамствы Германіі, Даніі, Літвы, Нарвегіі, Швецыі, група “Дэмакратычная Беларусь” у Бундэстагу, Група еўрапейскіх амбасадараў па правах чалавека, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (СЕ), прэзідэнт Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў СЕ.

Падзяліцца:
be