Мінск 11:18

Рэжым Лукашэнкі злачынны, праведзеныя ім выбары — незаконныя, заяўляе МЗС Літвы

Фота: "Позірк"

27 лютага, Позірк. Вільнюс лічыць прайшоўшы ў Беларусі “дэманстратыўны, недэмакратычны працэс” незаконным і “не прызнае яго вынікі”, гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Літвы “ў сувязі з так званымі парламенцкімі і мясцовымі выбарамі” 25 лютага.

“Рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі ў Беларусі з’яўляецца незаконным і злачынным, — адзначана ў дакуменце. — Унутраныя і знешнепалітычныя дзеянні Лукашэнкі, накіраваныя на ўмацаванне яго улады і заключэнне новых міжнародных пагадненняў, якія яшчэ больш абмяжоўваюць суверэнітэт беларускага народа, лічацца і будуць лічыцца несапраўднымі”.

Літоўскае знешнепалітычнае ведамства заявіла, што “ў апошнія гады, пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года і масавых пратэстаў у Беларусі, рэжым Аляксандра Лукашэнкі трансфармаваўся ў таталітарную дыктатуру, якая імкнецца захаваць уладу і поўны кантроль над краінай і яе грамадзянамі”.

“Сітуацыя з правамі чалавека ў краіне стала крытычнай: расце колькасць палітвязняў, забароненыя апазіцыйныя партыі, закрытыя ўсе незалежныя СМІ і няўрадавыя арганізацыі, уведзеная жорсткая цэнзура, — гаворыцца ў дакуменце. — Рэпрэсіі і запалохванні працягваюць стрымліваць любы ўдзел у дэмакратычных працэсах і спробы абараніць асноўныя правы і свабоды падчас пратэстаў”.

“Праваабарончыя арганізацыі выявілі тысячы выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з беларускім народам з боку сілавых структур. Пра лёс многіх палітвязняў няма ніякай інфармацыі, невядома, ці жывыя яны і здаровыя. Усё гэта стала звычайнай практыкай беларускага рэжыму, накіраванай на падрыў спробаў беларусаў пратэставаць ці супраціўляцца”, — адзначана ў заяве.

Дыпламаты канстатавалі, што рэжым Лукашэнкі “працягвае выкарыстоўваць агрэсіўную рыторыку і праводзіць варожую знешнюю палітыку ў дачыненні да сваіх суседзяў, выкарыстоўвае нелегальную міграцыю для дэстабілізацыі сітуацыі ў Літве і іншых краінах ЕС, ігнаруе міжнародныя стандарты ядзернай бяспекі, падтрымлівае ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны і г.д.”.

Ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій рэжым Лукашэнкі “правёў жорстка кантраляваныя парламенцкія і мясцовыя выбары, <…> адкрыўшы шлях да фармавання новага органа, прадугледжанага Канстытуцыяй краіны з папраўкамі 2022 года — “Усебеларускага народнага сходу” — для падаўжэння праўлення Лукашэнкі”, лічаць у МЗС Літвы.

На думку Вільнюса, “аўтарытарны лідар цалкам ігнаруе імкненне беларускага народа выбіраць сваіх лідараў і свой шлях”. Адзіным выхадам з тупіку, перакананыя літоўскія дыпламаты, “з’яўляецца неадкладны пачатак усёабдымнага дыялогу з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі сіламі Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай пра новыя сапраўды дэмакратычныя выбары, якія будуць праходзіць пад назіраннем міжнародных назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ і ў адпаведнасці з міжнародна прызнанымі стандартамі незалежных, свабодных і справядлівых выбараў”.

Адзначаецца, што “Літва салідарная з народам Беларусі, які працягвае змагацца за незалежную, свабодную, дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь”.

Адзіны дзень галасавання 25 лютага і электаральная кампанія ў цэлым прайшлі на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У дэпутаты былі вылучаныя выключна прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Пра непрызнанне выбараў заявіў Дзяржаўны дэпартамент ЗША, з адпаведным заклікам выступіла парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны. Выбары раскрытыкавалі знешнепалітычныя ведамствы Германіі, Даніі, Нарвегіі, Польшчы, Швецыі, група “Дэмакратычная Беларусь” у Бундэстагу, Група еўрапейскіх паслоў па правах чалавека, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (СЕ), прэзідэнт Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад СЕ.

Падзяліцца:
be