Мінск 10:45

Ціханоўская — спецдакладчыку ААН: Так званыя выбары прайшлі ў атмасферы тэрору

Святлана Ціханоўская і Клеман Ньялетсосі Вуль
Фота: каманда Ціханоўскай

28 лютага, Позірк. У Беларусі “не было ніякіх умоў для правядзення выбараў”, а працэс, які завяршыўся 25 лютага, прайшоў у “атмасферы тэрору і запалохвання”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 27 лютага ў Жэневе (Швейцарыя) на сустрэчы са спецдакладчыкам ААН па свабодзе мірных сходаў і асацыяцый Клеманам Ньялетсосі Вулем.

Беларускі палітык, як паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка, адзначыла, што ў краіне “былі ліквідаваныя 11 партый” (і адна закрылася самастойна), многія партыйныя лідары апынуліся ў турмах.

“Не былі дапушчаныя [да ўдзелу ў выбарах] ніякія альтэрнатыўныя кандыдаты, — падкрэсліла Ціханоўская. — Лідары прафсаюзаў асуджаныя — атрымалі тэрміны да 9 гадоў зняволення, а прафсаюз РЭП быў абвешчаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”. 1.350 НДА былі ліквідаваныя. Больш за 15 тысяч крымінальных справаў былі адкрытыя пасля 2020 года”.

Бакі абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, якіх “трымаюць у поўнай ізаляцыі”, а таксама “адвольнымі арыштамі, што з’яўляюцца спосабам запалохвання грамадства”.

“Ціханоўская заклікала спецдакладчыка падтрымаць працу двух механізмаў у рамках ААН па Беларусі: спецдакладчыка і экспертнай групы, якая збірае інфармацыю пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі”, — паведаміў Вячорка.

Адзіны дзень галасавання 25 лютага і электаральная кампанія ў цэлым прайшлі на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У дэпутаты былі вылучаныя выключна прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Пра непрызнанне выбараў заявіў Дзяржаўны дэпартамент ЗША, з такой жа пазіцыяй выступіла парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны. Выбары раскрытыкавалі знешнепалітычныя ведамствы Германіі, Даніі, Нарвегіі, Літвы, Польшчы, Швецыі, група “Дэмакратычная Беларусь” у Бундэстагу, Група еўрапейскіх паслоў па правах чалавека, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (СЕ), прэзідэнт Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў СЕ.

Падзяліцца:
be