Кавалеўскі: Беларусь чакае больш рашучых дзеянняў з боку ЕС
28 лютага, Позірк. Падчас “так званых выбараў” у Беларусі не было выканана ніводнай умовы сапраўднай выбарчай кампаніі, заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), прадстаўнік па замежных справах Валерый Кавалеўскі на іх абмеркаванні ў Еўрапейскім парламенце, паведамляе прэс-служба АПК.
Незалежныя СМІ, сказаў ён, “цалкам знішчаны ў Беларусі”, грамадзянская супольнасць, якая забяспечвае такія важныя функцыі, як незалежнае назіранне за ўсёй выбарчай кампаніяй і днём галасавання, таксама адсутнічае, шмат лідараў і палітыкаў не змаглі стаць часткаю выбарчай кампаніі, бо знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах.
“Асноўная прычына правядзення такіх “выбараў” ва ўмовах прымусу і рэпрэсій — страх беларускага дыктатара і падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў у наступным годзе. Ён нярвуецца і праводзіць даволі напорыстую і агрэсіўную кампанію рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і яе рэшткаў, супраць канкрэтных прафесійных груп у Беларусі, каб падтрымліваць гэтую культуру страху, запалохвання беларусаў, каб яны не дапускалі ніякіх выказванняў падчас выбарчай кампаніі”, — адзначыў Кавалеўскі.
“Беларусь чакае больш рашучых дзеянняў з боку ЕС, у тым ліку, у прыцягненні да адказнасці ў рамках універсальнай юрысдыкцыі”, каб даць дакладны сігнал дыктатару і ягоным хаўруснікам, што адказваць па закону рана ці позна прыйдзецца, падкрэсліў ён.
“Універсальная юрысдыкцыя, якой да гэтага часу няма, і няздольнасць прымяніць яе, нягледзячы на вялікую колькасць доказаў злачынстваў рэжыму, стварае адчуванне, што гэтая беспакаранасць будзе доўжыцца вечна”, — сказаў палітык.
Асобна экс-дыпламат звярнуў увагу на “адсутнасць рэакцыі міжнароднай супольнасці на злачыннае паглынанне Расіяй Беларусі, што працягвае павялічваць пагрозу для рэгіянальнай бяспекі”.
“Вывад Беларусі з вайны ліквідуе стратэгічную перавагу Расіі над Украінай. Гэта дапаможа Украіне сканцэнтраваць свае сілы там, дзе гэта найважнейшае, а таксама паўплывае на Пуціна палітычна”, — сказаў Кавалеўскі.
Ён заклікаў “да больш узгодненага падыходу і намаганняў” партнёраў у Еўрапейскім саюзе, а таксама ўсёй трансатлантычнай супольнасці, каб прыняць стратэгію і пакет крокаў, якія “сапраўды будуць мець значэнне: ажыццяўляцца вельмі паслядоўным, мэтанакіраваным і ўзгодненым чынам усімі нашымі партнёрамі да таго часу, пакуль не будзе дасягнутая мэта, калі Беларусь стане дэмакратычнай і ўлада вернецца да беларускага народу”.
Кавалеўскі прыгадаў смерць расійскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага ў зняволенні ў кантэксце лёсу беларускіх палітвязняў: “Дыктатары адчуваюць, што ў іх развязаныя рукі, і яны могуць рабіць з людзьмі ўсё што заўгодна. Якая будзе рэакцыя міжнароднай супольнасці на гэтую падзею? Як мы можам прадухіліць паўтарэнне падобнай сітуацыі ў нашай частцы свету?”