Мінск 10:57

Кіраўнік ЦВК: Мы можам даць фору любой іншай дэмакратыі

Фота: ЦВК

4 сакавіка, Позірк. “У нас багаты досвед са старажытных часоў да сучаснасці, яшчэ пачынаючы з вечавых традыцый Полацкага княства. Таму мы можам цалкам даць фору любой іншай дэмакратыі і можам увогуле цалкам адкрыта заявіць, што ў нас ёсць багаты досвед. Прыязджайце, пераймайце”, — заявіў у эфіры тэлеканала АНТ 3 сакавіка кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, каментуючы адзіны дзень галасавання, які прайшоў у Беларусі.

Карпенка лічыць, што ў беларусаў пры правядзенні выбараў “ёсць свае традыцыі пэўныя”, “якія ў нас спрабавалі вельмі доўга вытручваць, пастаянна рабіць нас нейкімі недасканалымі”. “Што мы тут і галасаваць не ўмеем, і сістэма ў нас нейкая не такая, і камісіі ў нас не так працуюць. І спрабавалі нам вось гэтую недасканаласць пастаянна навязаць”, — сказаў кіраўнік ЦВК.

Кажучы пра рэакцыю міжнароднай супольнасці на мінулую кампанію, Карпенка заявіў, што “ўсё было прадказальна”.

“Мы ж выдатна разумеем, што сёння ёсць невялікая група геапалітычных гульцоў, якія свае асабістыя інтарэсы ставяць вышэй за інтарэсы сваіх народаў, сваіх краін і спрабуюць вырашыць гэтыя інтарэсы за кошт нейкіх іншых краін, народаў”, — апісаў сваё ўяўленне аб сусветнай палітыцы Карпенкі.

Сёлета ўпершыню ў Беларусі прайшлі аб’яднаныя выбары — адзіны дзень галасавання быў прызначаны на 25 лютага, датэрміновае галасаванне пачалося 20-га чысла. Фармат адзінага дня галасавання запазычаны ў Расіі.

Адзіны дзень галасавання і агулам электаральная кампанія адбываліся на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У дэпутаты былі вылучаныя выключна прыхільнікі Лукашэнкі.

Аб непрызнанні выбараў заявіў Дзяржаўны дэпартамент ЗША, з адпаведным каментаром выступіла парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны. Выбары раскрытыкавалі знешнепалітычныя ведамствы Германіі, Даніі, Нарвегіі, Польшчы, Швецыі, група “Дэмакратычная Беларусь” у Бундэстагу, Група еўрапейскіх амбасадараў па правах чалавека, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (СЕ), прэзідэнт Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад СЕ.

У папярэдняй справаздачы місіі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якую арганізавалі праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі камітэт, адзначалася, што выбары дэпутатаў ПП НС 8-га склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў 29-га склікання “не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства”.

Падзяліцца:
be