Мінск 21:26

Польскі экспарт у Беларусь у 2023 годзе дасягнуў рэкорднай адзнакі — украінскія СМІ

7 сакавіка, Позірк. Экспарт польскіх тавараў у Беларусь у 2023 годзе стаў рэкордным, сама меней, з 2000 года, дасягнуўшы каля 2,9 млрд долараў. Такія лічбы прыводзіць украінскае выданне “Эканамічная праўда” са спасылкай на статыстычныя даныя ААН.

Самым вялікім кірункам польскага экспарту ў Беларусь названы аўтамабілі, пастаўкі якіх склалі амаль 1 млрд долараў, на другой пазіцыі знаходзіцца пластык (217 млн), на трэцяй — машыннае абсталяванне (158 млн), на чацвёртай — электроніка (148 млн), пятай — фарбы (125 млн).

Адзначаецца, што ў першай дваццатцы экспартуемых польскіх тавараў у Беларусь сустракаецца “немала пазіцый, звязаных з вытворчасцю: прамысловае абсталяванне, лакаматывы, аптычныя прыналежнасці, электроніка”.

Сцвярджаецца, што цягам 2023 года назіраўся рост польскіх паставак па ўсіх гэтых пазіцыях.

Пры гэтым, зазначаюць аўтары матэрыялу, значную частку экспарту складаюць так званыя тавары падвойнага прызначэння, гэта значыць грамадзянскія тавары, якія могуць выкарыстоўвацца ў ваенных мэтах, і якія пасля траплення ў Беларусь могуць быць накіраваны ў Расію.

Да такіх яны адносяць, у прыватнасці, тавары з груп “электроніка” і “оптыка”.

Падзяліцца: