Мінск 23:46

Камітэт абароны журналістаў заклікаў неадкладна вызваліць Андрэя Толчына

Крыніца: старонка Андрэя Толчына ў "Фэйсбуку"

22 сакавіка, Позірк. Неадкладна вызваліць Андрэя Толчына заклікаў у заяве 22 сакавіка Камітэт абароны журналістаў (CPJ).

Праграмны каардынатар арганізацыі ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі Гульноза Саід назвала прысуд “яшчэ адной праявай мсцівасці беларускіх уладаў у дачыненні да цяперашніх і былых прадстаўнікоў прэсы за іх незалежнае асвятленне масавых пратэстаў у краіне ў 2020 годзе”. Яна заклікала “неадкладна зняць усе абвінавачванні з Толчына і вызваліць яго разам з астатнімі зняволенымі журналістамі”.

21 сакавіка Гомельскі абласны суд прыгаварыў 64-гадовага былога журналіста Андрэя Толчына да 2,5 года пазбаўлення волі, інкрымінаваўшы яму ўчыненне злачынстваў паводле ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) і 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса. Першапачаткова яму інкрымінавалі таксама ч. 1 арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Андрэй Толчын — стваральнік гомельскай гарадской газеты “Гомельскія ведамасці”, а таксама фрылансер, які супрацоўнічаў з некалькімі незалежнымі выданнямі. Яго неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасць. Пасля падзей 2020 года Толчын сышоў з прафесіі.

Яго затрымалі 27 верасня 2023 года.

Паводле звестак БАЖ, у няволі ўтрымліваюцца 34 прадстаўнікі СМІ.

Камітэт абароны журналістаў — міжнародная няўрадавая арганізацыя са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку, якая займаецца абаронай правоў журналістаў. Арганізацыя займаецца зборам інфармацыі пра рэпрэсіі і забойствы супрацоўнікаў СМІ па ўсім свеце.

Падзяліцца: