З 1 красавіка памяншаюцца нормы бяспошліннага ўвозу тавараў у ЕАЭС

26 сакавіка, Позірк. 1 красавіка 2024 года ўступіць у сілу рашэнне Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), якое ўстанаўлівае новыя нормы бяспошліннага ўвозу фізічнымі асобамі тавараў у Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС), паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі.
Згодна з дзеючымі правіламі, для асабістага карыстання наземным транспартам у ЕАЭС дазволена ўвозіць тавары на суму 1 тыс. еўра і вагой не больш за 31 кг.
З 1 красавіка бяспошлінная норма складзе 500 еўра і 25 кг.
У дачыненні да тавараў, што ўвозяцца ў ЕАЭС на адрас фізічнай асобы ў міжнародных паштовых адпраўленнях і з дапамогай пасярэдніка-перавозчыка, нарматыў складзе 200 еўра і 31 кг (ранейшы парог — 1 тыс. еўра і 31 кг).
Парог бязпошліннага ўвозу паветраным транспартам захаваны на ўзроўні 10 тыс. еўра і 50 кг.
15 красавіка 2022 года Савет ЕЭК павысіў бяспошлінны парог увозу тавараў для асабістага карыстання да 1 тыс. еўра і 31 кг (раней — 500 еўра і 25 кг). Гаворка пра ўвоз “суправаджанага або несуправаджанага багажу ўсімі тыпамі транспарту, акрамя паветранага, або яго перамяшчэнне ў пешым парадку”.
18 сакавіка 2022 года стала вядома аб павышэнні парога бяспошліннага ўвозу перавозчыкам або праз паштовыя адпраўленні для фізічных асоб з 200 да 1 тыс. еўра.
Дзеянне устаноўленых у 2022 годзе нормаў некалькі разоў падаўжалася.
ЕЭК лічыла, што падаўжэнне тэрміну дзеяння гэтага рэжыму дазволіць “падтрымаць грамадзян ва ўмовах санкцыйнага ціску”, а таксама “пазбегнуць дэфіцыту тавараў першай неабходнасці і тавараў крытычнага імпарту”.
Згодна з палажэннямі ЕЭС, калі кошт тавараў для асабістага карыстання перавышае нормы, трэба выплачваць пошліну ў памеры 30% ад кошту, але не менш за 4 еўра за кілаграм.
Калі кошт пасылкі перавышае дапушчальны парог, неабходна заплаціць пошліну ў памеры 15% ад кошту замовы, але не менш за 2 еўра за кілаграм.
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства



