Мінск 02:08

Дарадца Ціханоўскай: Рэзалюцыя СПЧ ААН паспрыяе прыцягненню да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі

Крыніца: wikipedia.org

5 красавіка, Позірк. Стварэнне пры ААН спецыяльнай групы па ўстанаўленні фактаў і расследаванні парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі з’яўляецца “значна больш моцным механізмам, які спрыяе прыцягненню да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі”, заявіла дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтар.

Яе каментар апублікаваны ў тэлеграм-канале Ціханоўскай.

“Вельмі важным” Рыхтар назвала “мандат на расследаванне” ў дадатак “да функцыяналу збору доказаў”.

Яна звярнула ўвагу, што прыняцце рэзалюцыі Саветам па правах чалавека ААН “не з’яўляецца ўнікальным — да гэтага падобныя рашэнні па Беларусі ўжо прымаліся”. Аднак, падкрэсліла Рыхтар, важным з’яўляецца стварэнне спецыяльнай групы з трох незалежных экспертаў і падаўжэнне мандата спецдакладчыка па Беларусі на год.

“Мы не проста пільна сачылі за сітуацыяй, але сумесна з іншымі беларускімі праваабарончымі арганізацыямі актыўна ўдзельнічалі ў адвакатаванні рашэння”, — сказала ссаветніца Ціханоўскай.

4 красавіка СПЧ ААН прыняў рэзалюцыю “Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі”. Савет асудзіў “шырока распаўсюджаныя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека”, у тым ліку “адвольнае пазбаўленне права на жыццё і свабоду, масавыя незаконныя затрыманні і ўтрыманне пад вартай асоб па палітычных матывах або за ажыццяўленне іх правоў чалавека, гвалтоўныя знікненні, катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя або прыніжаючыя годнасць віды абыходжання і пакарання, уключаючы сэксуальны і гендэрны гвалт, адмова ў выкананні працэсуальных правоў і праве на справядлівае судовае разбіральніцтва, незабеспячэнне правоў і найлепшых інтарэсаў дзіцяці, парушэнні права на адукацыю і працу, адвольную адмову ў праве на ўезд у сваю краіну, парушэнні правоў на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцыі і на роўную абарону закона, а таксама іншыя парушэнні правоў чалавека, учыненыя ў Беларусі”.

СПЧ ААН пастанавіў ў тэрміновым парадку стварыць групу з трох незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. У яе мандат будзе ўваходзіць правядзенне расследавання і ўстанаўленне фактаў, акалічнасцей і карэнных прычын усіх меркаваных парушэнняў і ўшчамленняў правоў чалавека і парушэнняў, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года.

Падзяліцца: