Мінск 05:48

Прэзідэнт Кіпра запэўніў Ціханоўскую ў працягу палітыкі ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

10 красавіка, Позірк. Прэзідэнт Кіпра Нікас Хрыстадулідзіс, прымаючы 10 красавіка ў сваёй рэзідэнцыі ў Нікасіі дэмакратычнага лідара Святлану Ціханоўскую, запэўніў яе ў нязменнай падтрымцы дэмсіл і беларускага народа.

Пра гэта Позірку паведаміў галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, Хрыстадулідзіс таксама заявіў, што палітыка Кіпра, накіраваная на ізаляцыю рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, “будзе заставацца паслядоўнай”.

Прэзідэнт астраўной дзяржавы адзначыў, што ўзначалены ім урад працуе над тым, каб “заблакаваць шчыліны” ў санкцыях і кампаніі, якія звязаныя з рэжымам Лукашэнкі, дадаў Вячорка. На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні легалізацыі беларусаў на Кіпры, у прыватнасці атрыманне пашпарта замежніка, а таксама спрашчэнне неабходных для гэтага працэдур, якія б выключалі неабходнасць вяртання ў Беларусь. Закраналася таксама тэма “падтрымкі сумленных беларускіх кампаній, якія перанеслі свой бізнес на Кіпр”.

Акрамя гэтага, сказаў дарадца Ціханоўскай, на перамовах была абмеркаваная сітуацыя ў рэгіёне, санкцыйная палітыка ЕС у дачыненні да Мінска, “сумесныя крокі на міжнароднай арэне”.

Візіт Ціханоўскай на Кіпр пачаўся 9 красавіка.

З Кіпра Ціханоўская накіруецца ў Грэцыю, дзе выступіць на IX Дэльфійскім эканамічным форуме.

Падзяліцца: