Мінск 08:49

Беларусь мае намер выконваць абмежаванні ДЗУСЕ нават у выпадку прыпынення дагавора — Амбразевіч

Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com / Jay Rembert

17 красавіка, Позірк. Беларусь дэ-факта працягне прытрымлівацца абмежаванняў, прапісаных у Дагаворы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ), нават у выпадку прыпынення яго дзеяння на нацыянальным узроўні, вынікае з заявы намесніка міністра замежных спраў Юрыя Амбразевіча 17 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў.

Чыноўнік прадставіў законапраект аб прыпыненні дзеяння гэтага дагавора, які дэпутаты пасля прынялі ў адным чытанні. Для набыцця моцы дакумент яшчэ павінен быць ухвалены Саветам Рэспублікі і падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам.

Амбразевіч падкрэсліў, што “адпаведнымі метадамі” Мінск будзе прытрымлівацца абмежаванняў ДЗУСЕ “ў рамках сістэмы Міністэрства абароны” толькі “пры ўмове стрыманасці з боку суседзяў”.

“Даведачна скажу, што існыя парогавыя абмежаванні, прапісаныя ў ДЗУСЕ, значна пераўзыходзяць тыя памеры нашых Узброеных сіл, што маюцца ў прыродзе”, — адзначыў ён (на падставе фрагмента відэазапісу ў тэлеграм-канале прэс-службы ніжняй палаты парламента).

Паводле слоў намесніка кіраўніка МЗС, Беларусь “была, ёсць і застаецца прыхільнікам кантролю над узбраеннямі і, адпаведна, адданая мерам даверу і транспарэнтнасці”.

“Мы добрасумленна выконвалі ДЗУСЕ на працягу 30 з лішнім гадоў, — адзначыў ён. — У аснову дагавора пакладзеныя тры асноўныя элементы: абмежаванне па звычайных узбраеннях і асабовым складзе, абмен інфармацыяй і інспекцыі. ДЗУСЕ ў цэлым, нягледзячы на пэўныя абмежаванні па членскім складзе, на працягу апошніх гадоў (і на працягу ўсёй сваёй працы), <…> забяспечваў, на наш погляд, адэкватны ўзровень транспарэнтнасці ў ваеннай сферы і адпавядаў інтарэсам Рэспублікі Беларусь”.

“Нават пасля таго як у вядомых абставінах Польшча і Чэхія спынілі выконваць ДЗУСЕ ў дачыненні да нашай дзяржавы, а іншыя дзяржавы-ўдзельніцы працягнулі выконваць дагавор, нават у гэтых абставінах мы зыходзілі з таго, што гэты дагавор адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам — атрымліваць інфармацыю, абменьвацца адпаведным чынам данымі, бачыць, што адбываецца ў нашых партнёраў, няхай нават калі яны і не саюзнікі”, — дадаў чыноўнік.

Разам з тым, заявіў Амбразевіч, сітуацыю “ў корані змяніла” прыпыненне дзеяння ДЗУСЕ краінамі НАТО і іх саюзнікамі: “Дагавор перастаюць выконваць 25 удзельнікаў з 29”.

“У нашым разуменні транспарэнтнасць — гэта перш за ўсё прыкмета даверу, а давер на цяперашнім этапе, натуральна, у нас з краінамі — членамі НАТО адсутнічае, — канстатаваў намеснік міністра. — Празрыстасць — гэта вуліца з двухбаковым рухам, і захаванне нашых абавязацельстваў у аднабаковым парадку не адпавядае нашым інтарэсам”.

У той жа час, паводле яго слоў, Мінск робіць “захады ў адказ у форме прыпынення, а не выхаду з дагавора цалкам”, што, як ён лічыць, пацвярджае прыхільнасць “задачы захавання празрыстасці і ў цэлым бяспекі на еўрапейскім кантыненце”.

“Мы не хочам, каб нашымі рукамі разбуралася сістэма еўрапейскай бяспекі, якая і без таго дэградавала. <…> Натуральна, мы не маем ілюзій па пытанні таго, што ў агляднай будучыні дзяржавы — члены НАТО, якія прыпынілі членства ў ДЗУСЕ, вернуцца да выканання сваіх абавязкаў. Разам з тым гэта наш просты і зразумелы палітычны сігнал усім тым, хто зацікаўлены ў працы па вяртанні да празрыстасці і даверу ў еўрапейскай сістэме каардынат па пытаннях ваенна-палітычнага супрацоўніцтва і супрацоўніцтва ў сферы бяспекі”, — падсумаваў Амбразевіч.

Падпісаны 19 лістапада 1990 года ДЗУСЕ вызначыў гранічна дапушчальную колькасць звычайных узбраенняў і тэхнікі для шэрагу краін НАТО і Арганізацыі Варшаўскай дамовы, а таксама механізмы праверкі выканання абавязацельстваў — абмен інфармацыяй і інспекцыі. Пасля распаду СССР яго квоты часткова размеркавалі паміж сабой восем былых саюзных рэспублік.

Беларусь, якая ратыфікавала ДЗУСЕ 21 кастрычніка 1992 года, абавязалася мець не больш за 1.800 танкаў, 2.800 баявых бронемашын, 1.615 артылерыйскіх сістэм, 294 баявыя самалёты і 80 ударных верталётаў. Рэальна ж падобны патэнцыял яна ніколі не мела.

Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект аб прыпыненні дзеяння ДЗУСЕ

17 красавіка, Позірк. Праект закона "Аб прыпыненні дзеяння дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ)" прыняты ў адным чытанні 17 красавіка Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС). Законапраект прадставілі дэпутатам намеснік кіраўніка МЗС Юрый Амбразевіч і старшыня пастаяннай камісіі …
Падзяліцца: