Мінск 14:48

Намеснік камандзіра палка Каліноўскага Кабанчук адмовіўся ад удзелу ў выбарах у КР — СМІ

Архіўнае фота: "Позірк"

30 красавіка, Позірк. Паводле інфармацыі “Еўрарадыё”, намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) Вадзім Кабанчук паведаміў выбарчай камісіі Каардынацыйнай рады (КР) пра выхад са спісу групы “Воля”, якая балатуецца ў КР.

Кабанчук значыўся лідарам гэтага спісу. Медыя паведамляе, што цяпер спіс узначаліць былы баец ПКК Аляксандр “Кусь” Клачко (быў у пераліку 8-м).

Раней рада камандзіраў палка дазволіла добраахвотнікам удзельнічаць у выбарах толькі з умовай паніжэння да салдата або сыходу з падраздзялення.

Прэс-служба ПКК са спасылкай на прынятае 22 красавіка рашэнне сходу “часткі асабовага складу” паведамляла, што байцы палка могуць “рэалізоўваць уласныя палітычныя інтарэсы” ў якасці фізічных асоб, але пры ўмове сыходу з падраздзялення.

Сход быў ініцыяваны камандзірам палка Дзянісам “Кітом” Прохаравым, нагодай стаў намер “шэрага байцоў вылучыцца на выбары ў Каардынацыйную раду”, пры гэтым пра асабістыя планы яны не паведамілі “сваім камандзірам”, адзначалася ў рэлізе.

На сходзе было прынятае рашэнне, што полк не балатуецца ў КС як палітычная адзінка, за гэта, як сцвярджалася, аднагалосна прагаласавала “тэрміновая рада камандзіраў”. Абавязацельства байца сыйсці з ПКК з ўласнай ініцыятывы ў выпадку ўдзелу ў выбарах падтрыманае 10 галасамі, супраць выказаліся 4.

“Рада камандзіраў лічыць неабходным узяццё ўдзелу палка ў агульнабеларускім дэмакратычным дыскурсе і ўзаемадзеянні з іншымі палітычнымі актарамі. Для гэтага ПКК была ініцыяваная канферэнцыя і дыялогавая пляцоўка “Шлях да Волі”. Фармат пляцоўкі прадугледжвае ўзаемадзеянне з палітычнымі і грамадскімі групамі пры захоўванні палком магчымасці не адыходзіць ад сваёй асноўнай, вайсковай працы”, — гаворыцца ў паведамленні добраахвотніцкага падраздзялення.

Полк Каліноўскага выступіў з гэтай заявай у адказ на паведамленне, апублікаванае 23 красавіка на старым сайце падраздзялення (не абнаўляўся больш за 9 месяцаў). У ім гаварылася, што на агульным сходзе 22 красавіка “каліноўцы прынялі шэраг важных рашэнняў”. Сцвярджалася, што добраахвотнікі прагаласавалі за скасаванне рашэння камандзіраў аб забароне ўдзелу ў выбарах КР. За гэта нібыта выказаліся 78,6% удзельнікаў сходу.

Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца 3 дні — да 23:59 27 траўня. Першае паседжанне КР трэцяга склікання чакаецца 15 чэрвеня.

Падзяліцца: