Мінск 23:55

Арменія дала статус уцекача Яраславу Новікаву, раней затрыманаму на запыт Мінска

Ерэван
Фота: unsplash.com / Лявон Варданян

8 траўня, Позірк. Беларус Яраслаў Новікаў атрымаў статус уцекача ў Арменіі, паведамляе “Медыязона” са спасылкай на юрыста Араіка Папікяна.

Новікава, які пакінуў Беларусь летась увесну, затрымалі 2 лютага 2024-га, калі ён з Грузіі перасёк мяжу з Арменіяй, каб зрабіць у Ерэване балгарскую візу.

Высветлілася, што беларускія ўлады абвясцілі яго ў міждзяржаўны вышук СНД паводле арт. 435 КК (ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу).

4 лютага суд у Арменіі ўзяў Новікава пад варту на 40 дзён для экстрадыцыі, пасля чаго Новікаў звярнуўся па палітычны прытулак. Выдачы мужчыны спрабавалі перашкодзіць армянскія праваабаронцы і беларускія дэмакратычныя сілы.

21 сакавіка прэс-служба дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай паведаміла “Позірку”, што на сустрэчы палітыка са спікерам парламента Арменіі Аленам Сіманянам абмяркоўвалася сітуацыя з Новікавым. Прадстаўнікі Арменіі тады паведамілі, што ён атрымае палітычны прытулак.

Падзяліцца: