Мінск 19:00

Каталіцкія святары ў Шуміліне затрыманыя нібыта за “падрыўную дзейнасць” супраць беларускай дзяржавы

Фота: catholicnews.by

10 траўня, Позірк. Затрыманне пробашча каталіцкай парафіі касцёла Маці Божай Фацімскай ў Шуміліне (Віцебская вобласць) Анджэя Юхневіча і ксяндза Паўла Лемеха адбылося паводле нібыта падрыўной дзейнасці супраць беларускай дзяржавы, паведамляецца ў афіцыйным камунікаце кіраўніцтва Місіянераў Аблатаў, кіраўніком місіі якіх у Беларусі з’яўляецца першы з іх.

Адзначаецца, што на пачатку вайны Расіі супраць Украіны Юхневіч публічна выказаў салідарнасць з украінскім народам і папрасіў аб малітве за хутчэйшае заканчэнне вайны.

Пра затрыманне святароў стала вядома 9 траўня. Гэта адбылося пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асоб Віцебскай дыяцэзіі, якая прайшла 8 траўня ў згаданым касцёле.

Адметна, што затрыманне адбылося на наступны дзень пасля таго, як біскуп Віцебскі Алег Буткевіч перайшоў з пасады старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі на пазіцыю віцэ-старшыні.

Згодна з маніторынгам ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з 2020 года пераслед зазналі не менш як 26 прадстаўнікоў Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Місіянеры Аблаты з’яўляюцца каталіцкім Ордэнам з двухсотгадовай гісторыяй. У свеце працуюе каля 3.500 аблатаў, сярод іх ёсць 2 кардыналы, 7 арцыбіскупаў і 36 біскупаў.

Падзяліцца: