Мінск 17:59

У Мінску за суткі патанулі два чалавекі

Свіслач
Фота: holiday.by

12 траўня, Позірк. Аб двух патанулых мужчынах паведаміла 12 траўня ў сутачнай зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Абодва ўтапленні зафіксаваныя ў Мінску 11 траўня.

МНС адзначае, што цела мужчыны 1986 года нараджэння знойдзенае ў рацэ Свіслач у раёне вуліцы Машынабудаўнікоў.

Другі труп выняты супрацоўнікамі ведамства з ракі Лошыца недалёка ад вуліцы Кіжаватава. Асоба загінулага высвятляецца.

8 траўня аб утапленні ў Свіслачы мужчыны паведаміў тэлеграм-канал дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на водах” (ТРВОД).

Таксама ў гэты дзень ТРВОД паведаміла пра мужчыну 1957 г.н., які патануў у рацэ Кармянка (Кармянскі раён Гомельскай вобласці).

7 траўня ў Свіслачы знойдзенае цела жыхара Мінска 1970 г.н., які, як сцвярджалася, трыма днямі раней адправіўся на рыбалку.

5 траўня ў Нараўлянскім раёне (Гомельская вобласць) патанула жанчына 1972 г.н.

2 траўня ў аграгарадку Казловічы Слуцкага раёна (Мінская вобласць) з вадаёма, не прызначанага для купання, вынята цела навучэнца 6 класа мясцовай школы.

Паводле звестак ТРВОДа, у 2023 годзе ў Беларусі патанула 339 чалавек — на 12,2% менш, чым у 2022-м. Непаўналетніх загінула на вадзе 21 — годам раней 25 (-16%).

Паведамлялася, што 55,2% загінулых (187 чалавек, у тым ліку два падлеткі) знаходзіліся ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення.

Падзяліцца: