Мінск 19:29

МУС: Колькасць продажаў кіберзлачынцамі рэквізітаў банкаўскіх карт вырасла ўтрая

Фота: sb.by

17 траўня, Позірк. Супрацоўнікі міліцыі “аператыўна ўстанаўліваюць” усіх прадаўцоў рэквізітаў банкаўскіх карт, але колькасць іх павялічваецца, заявіў 17 траўня на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС Аляксандр Рынгевіч.

Паводле яго слоў, з пачатку 2024 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага “выяўлена і задакументавана амаль у тры разы больш фактаў рэалізацыі беларускімі грамадзянамі рэквізітаў банкаўскіх карт для далейшага іх выкарыстання зламыснікамі — кожны трэці выпадак на рахунку саўдзельніка, раней ужо абвінавачанага ў такіх жа дзеяннях”.

Прадстаўнік МУС паведаміў пра “змену структуры кіберзлачыннасці”: цяпер больш распаўсюджаны не крадзеж грошай, а махлярства, пры якіх грамадзяне “самастойна пералічваюць свае сродкі на адрас зламыснікаў”.

Паводле звестак ведамства, калі ў студзені — красавіку 2023 года “было зарэгістравана больш за 4,8 тыс. крадзяжоў грашовых сродкаў, то за чатыры месяцы бягучага — крыху больш за 2 тыс.” Разам з тым, падкрэсліў Рынгевіч, сітуацыя з махлярствамі процілеглая.

Паводле яго слоў, за чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць “цяжкіх кіберзладзействаў” у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. У прыватнасці, за сакавік — красавік у параўнанні са студзенем — лютым яна вырасла на 0,6%.

“Павысілася агульная раскрывальнасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, а таксама асобных іх відаў: вымагальніцтваў — на 1,4%, махлярстваў — на 0,7%, цяжкіх кіберзладзействаў — на 2,1%”, — удакладніў Рынгевіч.

9 сакавіка начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Васіль Шупляк паведаміў, што за студзень — люты 2024 года ў Беларусі затрымана 42 кур’еры тэлефонных махляроў, распачата 63 крымінальныя справы за тэлефоннае махлярства.

Пры гэтым 11 лютага прэс-служба МУС адзначала, што з пачатку 2024 года ўзбуджана 19 крымінальных спраў па фактах тэлефоннага махлярства. Зламыснікам атрымоўвалася схіліць суразмоўцаў да перадачы буйных сум наўзамен на “непрыцягненне іх сваяка да адказнасці за нібыта ўчыненае ДТЗ”. Падобныя злачынствы зарэгістраваныя па ўсёй краіне.

“У выніку супрацьпраўных дзеянняў грамадзянам нанесены ўрон, які перавышае 200 тыс. рублёў. Характэрна: у большасці выпадкаў для рэалізацыі сваіх задум ашуканцы выкарыстоўвалі кіроўцаў таксі, якія забіралі ў падманутых людзей пасылкі з грашыма і дастаўлялі іх у паказанае месца”, — гаварылася ў рэлізе.

Падзяліцца: