Мінск 07:20

На выбарах у КР змогуць прагаласаваць толькі ўладальнікі беларускіх пашпартоў — з меркаванняў бяспекі

Скрыншот відэатрансляцыі

19 мая, Позірк. Прыняць ўдзел ў галасаванні ў Каардынацыйную раду трэцяга склікання змогуць толькі абладальнікі пашпарту грамадзяніна Беларусі, паведаміла старшыня выбарчай камісіі па выбарах у КР Алена Прыходзька на канферэнцыі, прысвечанай выбарам, 19 траўня ў Варшаве

Паводле яе слоў, гэта выклікана тым, што “пытанні бяспекі і сапраўднасці з’яўляюцца прыярытэтнымі”.

“Мы свядома паступаемся нейкімі іншымі чыннікамі і магчымасцямі, якія маглі б быць падчас выбараў, але мы фізічна не можам апрацаваць іх так, каб галасы былі сапраўднымі і валіднымі, — падкрэсліла Прыходзька. — Таму мы пакінулі толькі адзін дадатак і ідэнтыфікацыю праз беларускі пашпарт”.

Ідэнтыфікаваць іншыя дакументы камісія не зможа, дадала яна.

“Гэта патрабуе велічэзных высілкаў і рэсурсаў на ўзроўні дзяржавы. Такіх магчымасцяў ў нас няма. У нас сістэма дакладна можа ідэнтыфікаваць толькі беларускі пашпарт”, — адзначыла Прыходзька.

Прадстаўніца ВК анансавала 20 траўня з’яўленне ў маркетплэйсах аплікацыі “Belarus ID” для ўдзелу ў выбарах.

Што датычыць тых, хто мае намер прагаласаваць з Беларусі, ВК раіць спампаваць прыладу не раней за 25 траўня: “Каб у вас у тэлефоне нічога не было, каб менавіта падчас выбараў вы спампавалі прыладу, аддалі свой голас і выдалілі яе адпаведна інструкцыі, пачысцілі усю гісторыю <…> і гэта ніякім чынам не пакіне ніякіх лічбавых слядоў. Расшыфраваць гэты код і асабістыя даныя немагчыма. Мы іх нідзе не збіраем і не апрацоўваем і яны выдаляюцца ў той момант, калі стравараецца персанальны токен (лічбавы сертыфікат. — “Позірк”)”.

Адказваючы на пытанні гледачоў трансляцыі канферэнцыі, Прыходзька сказала, што ў яе “няма станоўчага адказу на пытанне, як прагаласаваць беларусам, што не маюць пашпарта грамадзяніна Беларусі”.

Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца 3 дні — да 23:59 27 траўня. Першае пасяджэнне КР трэцяга склікання чакаецца 15 чэрвеня.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў усе 12 кааліцый кандыдатаў на выбары ў трэці склад Каардынацыйнай рады “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”.

Падзяліцца: