Мінск 14:48

Кавалеўскі абмеркаваў у Дзярждэпе ЗША падаўжэнне тэрміну дзеяння амерыканскіх віз для беларусаў

Крыніца: Дзярдэп ЗША

20 траўня, Позірк. Міграцыйную праблематыку, у тым ліку падаўжэнне тэрміну дзеяння амерыканскіх віз для грамадзян Беларусі абмеркаваў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Валер Кавалеўскі з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамента Злучаных Штатаў Амерыкі.

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, сустрэча адбылася падчас працоўнага візіту палітыка ў ЗША 9–17 траўня.

Паведамляецца, што на перамовах у Дзярждэпе таксама былі ўзнятыя пытанні ўзмацнення санкцый і іх спалучэння з механізмамі прыцягнення рэжыму Аляксандра Лукашэнкі “да адказнасці за міжнародныя злачынствы”.

Апрача таго, прайшлі перамовы па пытаннях двухбаковых стасункаў, супрацы ў міжнародных арганізацыях (ААН, АБСЕ, Паўночнаатлантычным альянсе), удзелу беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у ліпеньскім саміце НАТО ў Вашынгтоне.

У амерыканскай сталіцы адбыліся сустрэчы Кавалеўскага з прадстаўнікамі Савета нацыянальнай бяспекі Белага дома і Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці адносна павелічэння дапамогі для грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя Беларусі. Перамовы ў Сенаце і Палаце прадстаўнікоў Кангрэса ЗША тычыліся прасоўвання новай версіі Акта аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі; узгаднення сумесных дзеянняў. Прайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса.

Кавалеўскі праінфармаваў амерыканскі бок пра выбары ў Каардынацыйную раду і падрыхтоўку да прэзідэнцкай кампаніі 2025 года ў Беларусі.

Паводне інфармацыі прэс-службы АПК, у Нью-Ёрку Кавалеўскі “меў кансультацыі па тэматыцы ААН”, а таксама займаўся падрыхтоўкай да ўдзелу Ціханоўскай у мерапрыемствах падчас вераснёўскай сесіі Генасамблеі ААН. Палітык паведаміў партнёрам пра “нарастанне ваеннай пагрозы з боку рэжыму Лукашэнкі і пагаршэнне сітуацыі з палітзняволенымі”.

У Бостане ён ўзяў удзел у дыскусіі ў Цэнтры Дэвіса Гарвардскага ўніверсітэта на тэму пагрозы незалежнасці Беларусі з боку Расіі, а таксама сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

Раней у гэтым месяцы прадстаўніцтва АПК па замежных справах паведаміла, што Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўнесены на разгляд у Кангрэс ЗША. Новая версія дакумента мае на мэце “ў чацвёрты раз аднавіць дзеянне акту ад 2004 года з улікам злачыннага ўдзелу рэжыму Беларусі ў несправакаваным уварванні Пуціна ва Украіну, гандлі ўкраінскімі дзецьмі і адкрыцці беларускай тэрыторыі для расійскіх ваенных аперацый”.

“Адна з практычных мэт — пашырыць спіс [прадстаўнікоў] беларускіх уладаў, у дачыненні да якіх могуць быць уведзеныя санкцыі ЗША, за межы вышэйшага кіраўніцтва краіны і служб бяспекі, уключыўшы ў яго асоб, непасрэдна адказных за выкраданне ўкраінскіх дзяцей, супрацоўніцтва з Расіяй у несправакаваным уварванні ва Украіну і расійскую мілітарызацыю беларускай тэрыторыі”, — гаварылася ў паведамленні прадстаўніцтва.

Суаўтарамі дакумента, як паведамляецца, з’яўляюцца члены кокуса па Беларусі Біл Кіцінг, Марсі Каптур, Джо Уілсан, а таксама старшыня падкамітэту па Еўропе Цім Кейн.

Сярод іншага акт прадугледжвае непрызнанне Лукашэнкі законна абраным прэзідэнтам Беларусі; далейшыя “заклікі да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных”; непрызнанне “любога ўключэння Беларусі ў так званую Саюзную дзяржаву пад кантролем Расіі”; дапамогу ЗША ў прасоўванні дэмакратыі, правоў чалавека, вяршэнства закона і суверэнітэту ў Беларусі.

Акрамя таго, падкрэслівае прадстаўніцтва АПК, акт “патрабуе ад дзяржсакратара ЗША даць справаздачу перад Кангрэсам аб злачынствах, учыненых рэжымам Беларусі ў падтрымку несправакаванай агрэсіўнай вайны Расіі ва Украіне”.

Падзяліцца: