Мінск 16:27

Ціханоўская абмеркавала з экс-прэм’ерам Швецыі “жудасныя ўмовы ў беларускіх турмах”

Святлана Ціханоўская і Магдалена Андэрсан
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

22 траўня, Позірк. “Жудасныя ўмовы ў беларускіх турмах, якія прыводзяць да гібелі людзей”, абмеркавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская са старшынёй Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Швецыі, былым прэм’ер-міністрам (2021–2022) гэтай краіны Магдаленай Андэрсан.

Сустрэча прайшла ў Стакгольме 22 траўня, паведаміла прэс-служба беларускага палітыка.

Адзначаецца, што Ціханоўская і Андэрсан таксама абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі і іх утрыманне ва ўмовах інфармацыйнай блакады.

На сустрэчы дэмлідар падзякавала Швецыі за выдзяленне 5 млн крон (каля 430 тыс. еўра) у Міжнародны гуманітарны фонд падтрымкі палітвязняў.

Прэс-служба паведаміла таксама пра сустрэчу Ціханоўскай з “групай сяброў Беларусі ў шведскім парламенце”.

Дэмакратычны лідар “заклікала дэпутатаў надаць групе афіцыйны статус па прыкладзе Францыі і далучыцца да мерапрыемства па Беларусі ў парламенце Люксембурга 6–7 чэрвеня”, гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя гэтага, Ціханоўская прапанавала “групе сяброў” правесці “анлайн-абмен думкамі з беларускімі экспертамі, якія змогуць прадставіць парламентарыям прэзентацыі па пытаннях бяспекі, эканомікі і ціску на рэжым”.

Падкрэсліваецца, што асобна палітык звярнула ўвагу на “важнасць парламенцкага супрацоўніцтва і стажыровак для беларусаў”. На яе думку, шведскія палітыкі “могуць даваць экспертныя ацэнкі законапраектаў, якія распрацоўваюцца дэмсіламі для новай Беларусі”.

Важнай тэмай стала легалізацыя беларусаў у Швецыі. Ціханоўская заклікала “не патрабаваць апастылі на дыпломах, сведчаннях аб нараджэнні і шлюбе па прыкладзе Чэхіі” і “па прыкладзе Славеніі прымаць заявы ад грамадзян Беларусі” ў выпадках, калі ў іх няма магчымасці атрымаць усе неабходныя дакументы ад беларускіх дзяржорганаў.

Былому міністру міністра замежных спраў Літвы Лінасу Лінкявічусу Ціханоўская падзякавала за падтрымку ў пытаннях спрашчэння легалізацыі беларусаў, у тым ліку ў рашэнні аб выдачы гуманітарных ВНЖ на тры гады.

21–22 траўня Ціханоўская прымала ўдзел у Стакгольмскай канферэнцыі.

Пачатак канферэнцыі, якую арганізуе Стакгольмскі цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў (SCEEUS), МЗС Швецыі і Шведскі інстытут міжнародных адносін, быў прымеркаваны да Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі. Форум пазіцыянуецца як платформа “для дэманстрацыі падтрымкі дэмакратычнага руху” і “забеспячэння высокага прыярытэту тэмы Беларусі ў еўрапейскім парадку дня”.

Таксама падчас візіту ў Швецыю дэмлідар правяла шэраг сустрэч са шведскімі палітыкамі і прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

Ціханоўская: Беларусы — гордая еўрапейская нацыя з унікальнай культурай і гісторыяй

21 траўня, Позірк. Беларусь доўга была "ў цені імперыі", "амаль страціла незалежнасць і нацыянальную ідэнтычнасць", але "нават у самыя змрочныя часы" людзі "знаходзілі сілы змагацца", заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 21 траўня ў вітальнай прамове на адкрыцці Стакгольмскай канферэнцыі па …
Падзяліцца: